Дахавік Казік - страница 3
На наступны дзень у будынку гарадской паліцыі шэф паліцыі у прысутнасці бургамістра горада і шматлікіх гасцей ўзнагародзіў Казіка, Юзіка і Карыну значкамі «Ганаровы паліцыянт», а прадстаўнік Інтэрпола абвясціў аб прэміі ў 500 талераў для герояў.
Цяпер тэлевізар быў дакладна ў Казікавай кішэні.
Пасля кароткай ночы прыйшла звычайная летняя раніца. На вуліцах і завулках лянотна пазяхалі каты. Горад яшчэ спаў, і толькі дворнікі шкрабалі сваімі дзеркачамі па бруку. Шурх-шур-р-х, шух-х-шух, неслася з усіх бакоў у празрыстай ранішнай цішы. Раз-пораз пад вокнамі старых камяніц павольна прапаўзалі першыя тралейбусы з нешматлікімі заспанымі гарунамі-пасажырамі.
Дахавік Казік салодка соп у сваім маленькім ложку, які стаяў на гарышчы стогадовага дому ля такога ж стогадовага коміна. На антэнных кабелях, што аблытвалі бэлькі, быццам павуцінне, віселі Казікавы штонікі і сурдут. Дахавік сніў каляровы сон, у якім ён падарожнічаў з аднаго даху на другі па чароўнай вясёлцы, нібыта па мосце. Вясёлка выгіналася велізарнай дугой па-над горадам, і з яе гарба адкрываўся шыкоўны краявід. Казік сядзеў на вясёлцы і глядзеў уніз, на чырвоныя, зялёныя і шэрыя дахі, на тэлевежу, якая сваім шпілем даставала амаль да вясёлкі, на рэчку, што з вышыні здавалася тоненькай стужкай, на зеляніну дрэў. Побач з Казікам праплывалі белыя пухавікі-аблачынкі…
Сон быў такі цудоўны, што Казіку нават не хацелася прачынацца. Але спрацаваў таймер тэлевізара, і гарышча ахутала бадзёрая музыка ранішняй тэлегімнастыкі. На экране сімпатычныя дзяўчаты выраблялі складаныя па. Казік хацеў быў паляжаць яшчэ пад коўдрай, але яго ногі самі сабою пачалі торгацца ў рытме музыкі. Хоцькі-няхоцькі, давялося падымацца і для парадку зрабіць некалькі простых рухаў, каб ногі і рукі супакоіліся. Пазаймаўшыся, дахавік памыўся, паснедаў кавай і булачкай з маслам, пачысціў зубы. Потым ён падняўся па драбінках на дах і сеў з краю, звесіўшы ножкі.
Пасля сняданку ўсе адпачываюць па-рознаму: адны чытаюць газету, іншыя глядзяць тэлевізар, а вось Казік любіў сядзець на краі даху і нічога не рабіць. Проста сядзець і глядзець навокал. Перад Казікам расцілалася цудоўная панарама горада: стромкія чырвоныя дахі старых камяніц, мудрагелістыя флюгеры, алоўкі хмарачосаў. Вунь праз некалькі дамоў стаіць былая воданапорная вежа, немаведама калі пераробленая ў звычайны жылы дом. А вунь відаць белая званіца касцёла Святога Францішка. Знаёмы краявід.
У доме насупраць ужо амаль усе прачнуліся. Праз адчыненыя вокны можна было пабачыць, чым у гэты час займаюцца жыхары. Казік кінуў позірк на другі паверх. Ён разгледзеў дзяўчынку Паўлінку, якая снедала на кухні. Побач, каля пліты, завіхалася яе матуля. Паўліна лыжкай корпалася ў талерцы і асцярожна касавурылася на маці – мяркуючы па ўсім, есці Паўлінцы не хацелася. Нарэшце матуля выйшла з кухні. Дзяўчынка імгненна падхапілася, падбегла да акна і выліла змесціва талеркі на вуліцу.
«Снайперка» – падумаў Казік, калі манная каша (а ў талерцы была менавіта манная каша) вылілася на пана, якога собіла ў гэты момант праходзіць пад акном. Маленькі сабачка-таксяня, якога выгульваў пан, тут жа стаў аблізваць калашыны гаспадара. А Паўліна ізноў хуценька апынулася за сталом, ужо з пустой талеркай. Абліты пан у разгубленасці стаяў на тратуары і задзёршы галаву глядзеў угору…
Тут на гарышчы зазвінеў Казікаў тэлефончык, і дахавік мусіў перапыніць назіранне, так і не даведаўшыся, чым усё скончыцца. Тэлефанаваў сябар Юзік.