Маё мястэчка Луна-Воля - страница 15
Павел Сапега гербу «Ліс» (1609—1665). Pierre Landry (XVII w.). https://pl.wikipedia.org/wiki/Pawe%C5%82_Jan_Sapieha
У 1654—1667гг. адбылася Маскоўская навала на землі ВКЛ. У Мастах Маскоўскае войска спаліла касьцёл. У Гарадзенскім павеце, у склад якога ўваходзіла Луна, колькасьць насельніцтва скарацілася з 174 398 чал. да 115 323. Маскоўцамі было забіта 59 075 чалавек або 33,9% насельніцтва павета.
У 1655г ад маскоўскага войска ў Чарлёньскім кляштары хаваліся менскія манахі базыльяне.
Дакладных зьвестак няма, але ў 1685 годзе маёнтак Чарлёна адкупляе ад Вільчкаў Казімір Ян Сапега старэйшы сын Сапегі Казіміра Яна Паўла (каля 1642—1720), віленскі ваявода, Вялікі гетман Літоўскі. Яго хрышчоным бацькам быў сын знакамітага канцлера, потым Вялікага гетмана Літоўскага Льва Сапегі Казімеж Леон (Леў) (1609—1656), вялікі пісар, потым маршалак надворны, потым Літоўскі падканцлер. Жанаты з Тэадорай Крыстынай Тарноўскай (1626—24.10.1652), Казімеж Леон сваіх дзяцей не меў, таму ўсе свае вялікія ўладаньні завяшчаў хрышчонаму сыну Казімежу Яну, яго бацьку Паўлу Сапегу і Аляксандру Хілярыю Палубінскаму.
Казімір Ян Павал Сапега, малюнак праектаваны, 1709 г.: М. Каламайска-Сээд, Генэалёгія праз выявы…, с.226
Можна меркаваць, што наступным уласьнікам двара Луна-Чарлёна становіцца маршалак Вялікі Літоўскі Аляксандр Павал Сапега (1672—1734) сын Казіміра Яна, полацкі ваявода. Вучыўся ў езуіцкім калегіюме ў Брунсбергу (Браневе), у 1685—1689 у Парыжы. Чашнік ВКЛ у 1692, маршалак дворны ў 1692—1698, маршалак Вялікі ў 1698—1703, 1705—1708 і з 1713. Удзельнічаў у Алькеніцкай бітве 1700, у час Паўночнай вайны 1700—1721 стаў на бок швэдаў і караля Станіслава Ляшчынскага, які таксама даў яму пасаду Вялікага маршалка (1705—1708). Пасьля аднаўленьня ўлады Аўгуста II у 1709 у апазыцыі да яго. Валодаў Друяй, Іказьню, Сапежынам, Дуброўнам і іншымі маёнткамі.
Аляксандр Павал Сапега. Фрагмэнт акварэлі М. Янушэвіча, 1846:.: М. Каламайска-Сээд, Генэалёгія праз выявы…, с.233
Кароль Ян III Сабескі ў 1680 г. для папаўненьня даходаў каралеўскай казны арганізаваў Луненскі ключ у Гродзенскай эканоміі. Яго арэндны даход быў вызначаны ў 9686 злотых польскіх [11]. Ключ складаўся з наступных населеных пунктаў: Луна, Марцінаўцы, Жылічы Вялікія, Жылічы Малыя (Рачкі), Нецеча, Каменны мост, Шчарбавічы, Мяшэтнікі, Хамічы, Глядавічы. Папярэдне была праведзена рэвізія. У выніку ў мястэчку Луна налічвалася 125 «дымаў», разьмешчаных на чатырох вуліцах: Воўпенскай, Мсьцібаўскай, Гродзенскай, Азёрскай. Пляніроўка населенага пункта была веернай-усе вуліцы выходзілі ад базарнай плошчы, на якой знаходзіліся карчма і касьцёл. У мястэчку працавалі 4 мясьніка, 4 хлебапёка, 4 сольніка, 1 цясьляр, 1 каваль, 1 кравец, 5 Шаўцоў, 2 гарбара. Яны плацілі ў казну па 6 грошаў..
Нэгатыўны ўплыў на сацыяльна-эканамічны стан мястэчка аказала другая Паўночная вайна. Панямоньне стала арэнай ваенных дзеяньняў паміж швдзкімі і расейскімі войскамі. Да таго ж супрацьстаяньне разгарнулася паміж шляхецкімі канфэдэрацыямі: прыхільнікамі Карла XII і Пятра I. У выніку беларускія землі падвергліся глыбокаму спусташэньню. На фоне эпідэмій лютаваў голад. У 1712 г. каралеўскі камісар Міхал Дамброўскі правёў рэвізію Луненскага ключа Гродзенскай эканоміі. Каралеўская камісія канстатавала, што ключ больш за дзесяць гадоў знаходзіўся ў заняпадзе ад ваенны дзеяньняў. Арэндны даход зьменшыўся ў 9 разоў і склаў 1069 злотых польскіх. Зьяўілася шмат пустак-неапрацаванай ральлі. Напрыклад, калі ў 1680 г. на Мсьцібаўскай вуліцы было 20 жылых «дымоў», то ў 1712 г. – 1. З рамесьнікаў засталіся 1 цясьляр, 1 каваль, 1 шавец. Пастановай Сойма ўсе ключы Гродзенскай каралеўскай эканоміі былі вызваленыя ад гіберны (падатак, які сяляне плацілі дзяржаве на ўтрыманьне войска), але павінны былі плаціць падводную павіннасьць на ўтрыманьне пошт. Унівэрсалам караля Аўгуста II ад 1699 г. унёсак месяцова склаў 20 злотых польскіх.