Маё мястэчка Луна-Воля - страница 9
Заснавальнік Вялікага Княства Літоўскага першы Вялікі Князь і кароль Міндоўг. Блёк пошты Літувы, выдадзены ў 2003 годзе
З прац пісьменьніка – краязнаўца Дзімітрыя Гаўрыліна можна зрабіць выснову, што ў 1409 г. паміж Луна і Ваўкавыскам адбылася бітва Гарадзенскіх дружын з крыжакамі, якія ў 1284 г. упершыню зьяўіліся ў нашых мясьцінах і пасьля каля 20 разоў паўтаралі напады аж да 1410 г.
Але першы ўспамін аб Луне (Волі) у гістарычных дакумэнтах пад годам 1503. Заўважым, што і далей будуць пераплятацца: маёнтак Луна, мястэчка Луна і мястэчка Воля, якую ў цяперашні час называюць «сельгасхімія», якой ужо там няма.
Пры нападзе Масквы на Смаленск князь Канстанцін Крошынскі страціў там сваю маёмасьць і атрымаў ад вялікага князя Аляксандра двор Дубна над Нёмнам, а на пусташах у 1513 годзе пабудаваў двор Луна? (Воля)? і запісаў свайму зяцю Янухне Багдановічу Сапегу (1490—1546).
Так з прац гісторыкаў і археолягаў можна навобмацак складаць гісторыю Луны, тым самым надаючы мінуламу будучыню.
Луна і Воля
Libertas civitatis.
(Вольны народ. Вольная краіна.)
Воля-не тое, што рукі разьвяжуць,
Зьменяць на большую клетку малую.
Воля-не тое, што«вольны ты» – скажуць.
Воля-то воля, якую адчую.
Ларыса Геніюш
Дзьве гісторыі
Са старажытных часоў Луна мела свайго «спадарожніка» – Волю. Таму старажытнае Луна мае як бы дзьве гісторыі: самога Луна і Волі. У тым, што Луна старажытнае, няма ніякага сумневу. Найбольшы ўзрост надае паселішчу кніга «Памяць, Мастоўскі раён»: «Лічыцца, што гэта паселішча ўзьнікла не пазьней 12 ст.». Але ж з часоў позьняга нэаліту (2-я пал. 3-га тыс. да Н.Х.) вядомыя так званыя «бурштынавыя шляхі». Адзін з іх праходзіў па Нёмне і Заходняму Бугу. Ці не існавала Луна ўжо тады? А ці не мог існаваць «крамянёвы шлях» з Краснасельскага комплексу крамянёвых вырабаў праз Луненскі «порт»? Але напэўна Луна існавала, калі дзейнічаў на Нёмне і «шлях з варагаў у грэкі» у 9—13 ст., што адпавядае запісу ў кнізе «Памяць».
На жаль пісьмовых крыніц аб гэтым я не знайшоў. І, як часта здараецца ў жыцьці, пісьмова ўпершыню ўспамінаецца не Луна, а яе «спадарожнік» Воля. Калі ж спасылацца на кнігу «Памяць» Мастоўскага раёна, можна знайсьці наступныя запісы пра Луна: «У літаратуры канстатуецца такі факт, што вясной 1400 г. крыжакі ішлі ў Ваўкавыск праз Луна». У 1410 г. адбылася вырашальная бітва пад Грунвальдам, у якой удзельнічалі 17 беларускіх харугваў. «Ёсьць меркаваньні, што ў іх былі жыхары Мастоўшчыны, бо наш край уваходзіў у гэтыя (Гродзенскае і Ваўкавыскае) княствы. А ў гэты час існавалі Масты, Луна, Пескі, Мікелеўшчына, Сьцяпанішкі». Многія нашы прашчуры загінулі на полі бою, а ўдзячныя землякі насыпалі ў іх гонар сымбалічныя курганы. Такія курганы захаваліся ў ваколіцах Луна ва ўрочышчы, якое называецца Цвінтар. Старажылы сьцьвярджаюць, што ў мінулым тут была царква. «Відаць курганы былі насыпаны пасьля адпяваньня па загінуўшых на ратным полі», – распавядаецца ў «Памяці». І як ня прыкра пра гэта гаварыць, але «зь песьні слова ня выкінеш»… Па загадзе калгаснага начальства разаралі тыя курганы «магутнымі трактарамі» і пасеялі цукровыя буракі. Як успамінае былая калгасьніца Гэлена Байкоўская, ёй маладой тады яшчэ дзяўчыне, далі дзялку тых буракоў. Але яна не магла іх абрабляць, бо калі прыходзіла на поле, то яе тут жа пачынала рваць ад выгляду мноства раскіданых чалавечых касьцей…