Прынагоднае. Эсэ, вершы, публіцыстыка, штосьці пра аўтара - страница 7
Жывучы ў цэнтры гораду мы нібы трымалі явачную кватэру. Бо партызанскіх сяброў, знаёмых з партызанскіх вёсак, ды сваякоў розных адгалінаваньняў заходзіла да нас шмат. Дзьверы у нашую кватэру ключом запіраліся толькі на ноч. Пакуль я не пайшоў у першы клас, маці мая сталай працы ня мела, і, з большага, была ў хаце. Для мяне самым цікавым было калі зьбіраліся партызаны. Прайшло якіх пяць, сем гадоў пасьля заканчэньня іх партызанкі, і яны па-сапраўднаму горача і шчыра згадвалі падзеі, сяброў, страты, жахлівыя і сьмешныя моманты, карацей, вярталіся ў мінулае, нібы не даваяваўшы. Нагадаю, што на першым паверсе пад намі была крама, таму пачастунак на стале быў заўсёды.
А мне, апроч таго, што цікавыя былі іх гаворкі, дык яшчэ чаго-небудзь смачнага са стала перападала, бо есьці хацелася ж. Прызнаюся нават, што практыкаваў я іншы раз макнуць лусьцік белага хлебу ў недапіты келіх гарэлкі ды зьесьці, як старэйшыя ня бачылі. Зараз, ужо стары, тлумачу ўсім, што гэта выпрацавала ў мяне імунітэт на алкаголь, бо залежнасьці ад яго ня прыдбаў, хоць іншы раз і ня грэбую якім келіхам. А калі ў гасьцей быў добры настрой, яны маглі засьпяваць свае партызанскія песьні, а то тата хахляцкія песьні пеў, у яго ня блага выходзіла, іншы раз дапамагала яму й маці, а калі яна шчэ брала гітару сяміструнку, ды заводзіла які раманс – быў сапраўдны канцэрт. Звычайна імпрэза цягнулася дапазна, мяне ўжо адпраўлялі спаць, але дзе там, я хаваўся ці пад сталом, ці дзе ў куточку, ды слухаў, слухаў…
Гэта прывяло да таго, што з часам, калі партызанскія успаміны пачалі блытацца, а ў некага пыхі ці гераізму прырастала, дык вось я, ужо стаўшы дарослым, мусіў ім дэлікатна падказваць, як насамрэч было. Тады яны дзівіліся, але згаджаліся.
У бацькоў свае госьці, у мяне ж свае. Іншым разам да нас «на горад» прыяжджалі ці знаёмыя, ці сваякі, якім я рабіўся «экскурсаводам», паказваў розныя мясьціны прыгожыя, збудаваньні гарадскія ды іншае. Пасьля такой маёй экскурсіі крыху маладзейшая мая стрыечная сястра Тома з Палевічаў, кажуць, распавядала на сваіх Рудках. «Прывёў мяне Сашка да нейкае хаты, а яна ж вышэй разоў пяць за самае высокае з нашых дрэваў, а даўжынёй болей за нашую усю вуліцу, ды яшчэ вокнаў жа, вокнаў… у восем радоў у гару. А ў сенцах нейкіх вялізных людзей, людзей… Нейкія цёткі ў белых халатах ды каптурыках, як лекары, гандлявалі адна нейкімі пончыкамі, то падобныя на нашыя рэзьнікі, толькі рудыя, ды нейкай салодкай крэйдай пасыпаныя, другая зь нейкіх крывых слоікаў нацэжвала мёду рознакаляровага, потым налівала нейкай шыпуча – калючай вады… Але ж смачна!!! Потым мы ішлі нейкім напоўцьмяным калідорам, бо былі толькі дзьверы з абодвух бакоў, адкуль выходзілі нейкія людзі, каб зайсьці ў другія дзьверы… Падыйшлі да нейкай жалезнай шафы з падвойнымі дзьвярыма ды закратаваным вакном, увайшлі ў сярэдзіну, а яна раптам сама паехала ў гару, са страху я ўчапілася за братаву руку ды й вочы заплюшчыла. Потым бразнулі зноў дзьверы, мы зноў апынуліся ў падобным калідоры, які меў на сваім заканчэньні вакно. З таго ж вакна я пабачыла тое, з чаго ў мяне дух заняло ды й каленькі задрыжэлі. Нейдзе далёка ўнізе рухаліся нейкія чалавечкі меньшыя за мурашоў, зрэдку сноўдаліся машыны, памерам з божых каровак, дрэвы выглядалі нязвыкла прыгожа»… Так мая Томця распавядала пра наш Дом Саветаў, папярэднік менскага Дому Ураду, пра ліфт на якім першы раз пракацілася…