Прынагоднае. Эсэ, вершы, публіцыстыка, штосьці пра аўтара - страница 9
Я пісаў, што маці мая з-за хваробаў не працавала пэўны час, была хатняй гаспадыняй, і, калі я з вулічных сваіх вандровак вяртаўся дадому, дужа мне падабалася слухаць яе расповеды ці пра яе бацькоў з братамі ды той жа сястрой Фрузай, ці дзіўныя казкі, што запомніла яна са свайго маленства, ці пра тое, як у партызанскім лесе адна з маленькім Арнольдам выпякала хлеб у адмысловай зямлянцы на цэлы атрад… Сядзім мы ля печы, назіраем як гараць, шыпяць ды патрэскваюць дровы, аддаючы цяпло і я слухаю маці. Калі іншы раз хварэў, яе мяккія пяшчотныя рукі і коўдру з падушкаю паправяць, і парашкоў з мікстурамі дадуць так, што зусім не горка, а то, як хвораму, дадатковае харчаваньне – які піражок з павідлам з крамы, ці кісялю зварыць з журавінавага соку, купленага у той жа краме на першым паверсе…
Маці расказвала, што была самай малодшай у сям’і, нарадзілася ў 1915 годзе, пасьля вяртаньня майго дзеда Міхала з Дэтройту амерыканскага, дзе ён за пару год на эміграцыі заробіў крыху грошай, збудаваў нейкае немудрагелістае жытло, ды выправіўсяца зваротна праз акіян забраць сям’ю, але, раптам, пачалася Першая Сусьветная вайна, потым рэвалюцыя, потым калектывізацыя… Шукаючы паратунку ад голаду выправіліся яны ўдвох з маёй бабуляй ва Украіну, ды там і памерлі з тае ж галадухі, родным нават невядома месца пахаваньня, ды й ці ёсьць увогуле яно…
Маці ж маю з нараджэньня празвалі амерыканачкай. Адукацыі ў маці, як і ў бацькі, было толькі чатыры класы, працавала яна апошнія гадоў пятнаццаць да пэнсіі штампаўшчыцай на заводзе, бачыў я гэтую цяжкую, брудную працу ў халодным па-вулічнаму цэху. Але маці не наракала, яна заўсёды была прыкладам, тройчы узнагароджана за сваю працу ўрадавымі граматамі, абіралася дэпутатам раённага ды гарадскога саветаў, была пэрсанальным пэнсіянэрам. Быў пры Саветах такі прывілей для раўнейшых сярод роўных. Да апошніх сваіх дзён, у яе хапала цеплыні і павагі, разумных парадаў, простых практычных дзеяньняў у дапамогу і не толькі блізкім ды родным, яна не адмаўляла ў дапамозе і незнаёмым. Ужо кепска бачучы, на апошнім тыдні свайго веку, калі ўжо некалькі месяцаў не магла ўстаць на ногі, абклаўшыся падушкамі, каб не паваліцца, седзячы ў ложку, яна на сьпіцах вязала ці шкарпэткі з воўны, ці пантофелькі хатнія дарослым і малым, якімі абдорвала усіх. Я бачыў яе вырабы ў сваякоў у Маскве, Піцеры і на Палесьсі… Цёплыя, мяккія матчыны рукі не забыць мне ніколі… Рукі, якія падтрымлівалі, накіроўвалі, песьцілі мяне праз усё жыцьцё.
Палевічы: дзед Міхал, бабуля Лісавета, цётка Фруза і маці
Дзеці ды старыя патрабуюць шмат апекі, мы мусім ім дапамагаць. Але калі баліць малому – мы ведаем, што гэта пройдзе, хутка падрасьце, ўсё наладзіцца… Калі ж баліць старому, спадзявацца на тое, што будзе добра, не выпадае. Розум падказвае, што трэба чакаць горшага, а ведаючы, што дапамагчы ты не ў стане, даволі цяжка з гэтым мірыцца…
Дзядзькі Палевічы: Пятро, Сьцяпан ды Раман
Вакол нас дастаткова шмат старых людзей, яны не такія актыўныя як мы, кепска чуюць, кепска бачаць, у іх можа быць кепская памяць, карацей – яны бачацца нам не такімі, як мы. А іншы раз яны нас раздражняюць. Але варта памятаць, што некалі яны былі таксама маладымі, прыгожымі, разумнымі, дужымі, ды толькі час, праца, жыцьцё ўвогуле зрабілі іх іншымі. Калі давядзецца, то й нам тае долі не мінуць… Пра гэта варта памятаць заўсёды, менавіта спагадлівасьць, павага да старэйшых, цярплівасьць ды гатовасьць дапамагаць вызначае сапраўднага шляхетнага чалавека ў любой краіне…