Прынагоднае. Эсэ, вершы, публіцыстыка, штосьці пра аўтара - страница 8




Мой брат закончыў тэхнікум і быў разьмеркаваны на працу ва Узьбекістан, на той час у нас кватэравала мая стрыечная сястра Аля, яна вучылася ў Педагагічнай вучэльні на выхавацельку дзіцячага садку. Гартаючы з цікаўнасьці яе падручнікі, я запомніў партрэты ды імёны расейскіх, ды савецкіх тагачасных класікаў літаратуры, а неяк пазьней кватэраваў у нас Хведзя, што вучыўся на фельдшара-акушэра, яго падручнікі мяне пазнаёмілі з анатоміяй, а малодшы брат Алі, Валодзя Палевіч, трошку жывучы у нас, расказваў пра Данбас ды шахты, пра тое як цікава кіраваць планёрам, лётаючы над Магілёвам. Жыла трошку і паштовы экспедытар Люба, дык той я ўдзячны за знаёмства з тым, як на вёсцы, а было тое блізка Вейна, гуляюць Купальле. Вось так, патрошку, ад розных знаёмстваў і набіраўся мой сьветапогляд, жыцьцёы досьвед. Атачэньне ў мяне было даволі разнастайнае, але ў сумніўныя хаўрусы мяне не цягнула, відаць на той час я быў паглынуты спортам ды іншымі, для мяне больш прывабнымі заняткамі. Сапраўдная бойка, адзін супроць некалькіх, ды супроць нажа мяне напаткала, калі я ўжо быў выкладчыкам інстытуту ды меў жонку і пяцімесячнага сынка, але вось досьведу, як біць чалавека, ў мяне не было. З тае сітуацыі я выйшаў цэлы ды непераможаны, але, калі меў ўжо двух сыноў, падарыў ім баксёрскія пальчаткі, бадай, каб сталі лепш за мяне падрыхтаваныя…


Маці – для кожнага чалавека самая блізкая і дарагая асоба. Яна нараджае нас на сьвет белы, яна корміць нас сваім малаком, яна сагравае нас сваім цяплом, яна вучыць роднаму слову, яна першая наша вучыцелька. Відаць у кожных рэлігіях ёсьць запавет шанаваць сваіх бацькоў, і маці там павінна стаяць на першым месцы. У чалавека за жыцьцё можа быць некалькі жонак, адпаведна і колькасьць дзяцей не малая, а вось маці ды тата толькі адны. Ужо дастаткова сталым пазнаёміўся я з адной легендаю, нібы ў Грэцыі адзін юнак надта ж пакахаў нейкую прыгажуню, тая ж ніяк да яго не ставілася, болей таго кпіла з яго ды насьміхалася. Аднаго разу паведала, што прыме яго каханьне, але толькі калі ён прынясе ёй галаву сваёй маці! Жудасная прапанова доўга мучала юнака, але каханьне іншым і вочы засьціць і розуму іх пазбаўляе, дык вось ён усёж выканаў патрабаваньне. Паклаўшы матчыну галаву ў кошык, ён стрымгалоў паімчаў да тае прыгажуні, каб хутчэй пазбыцца свайго грэху ды здзейсьніць даўнюю мару. Сьпяшаўся так, што абступіўся, абраніў кошык ды павліўся. Адсечаная галава маці выкацілася ў дарожны пыл, ды спытала: «Сыночак, ты не пабіўся?»…

Маленькаму мне маці расказвала казкі, якія чула ад сваёй маці, распавядала аб сваіх дзіцячых прыгодах, аб сваёй сям’і, потым аб партызанскіх часах, яна ж заахвоціла мяне да чытаньня. У шасцігадовым узросьце я ўжо сам завучыў некалькі вершаў А. Твардоўскага з «Васіля Цёркіна». Кніга гэтая была падорана Арнольду на 16 год дзядзькам Янкам, татка наш іншы раз чытаў яе ў голас, а потым і я заахвоціўся…

Запомніліся маміны рукі, якія былі заўсёды пяшчотнымі, мягкімі ды цёплымі, калі яна ўжо працавала ў штамповачным цэху з брудным, цяжкім, халодным металам на груваздкіх ды грамыхаючых станках, дзе ўзімку стаяў вулічны холад і працаваць даводзілася ў тры зьмены, то бок, нават ўночы. Неяк аднаго разу пад штамп трапіў яе палец так, што дзьве фалангі костак выйшлі вонкі, але ж лекары ёй палец уратавалі. Пасля таго яна ўжо не кранала гітары, але рукі яе аднаўляліся, захоўваючы свае ўласьцівасьці. Апошнія яе хвіліны я трымаў тые рукі ў сваіх і яны былі як заўсёды – цёплымі, мягкімі, звыкла мамінымі…