Шнар - страница 5
Мама часта падклікала ці падводзіла мяне да акна на кухні і паказвала на піўбар праз дарогу. У 90% выпадках, там качаўся нехта п'яны, мачыўся на сцены, біўся ці яго пакаваў міліцэйскі патруль. Часам гэтыя дзеянні ішлі па коле цягам кожных дваццаці хвілін.
У пятым класе я перавёўся ў далёкую школу і ліфт адрамантавалі. Узімку, я стаяў у цемры і кватэрным ключом прыадчыняў дзверы шахты, пакуль чакаў ліфт. Я цешыўся, калі ён падымаўся да мяне.
Гэта надыходнае святло і потым ён пралятае да твайго паверха. Менавіта пралятае, бо матор перастае працаваць ці нешта таго і трос ужо не так напружана цягне кабіну ўгару.
Ствараецца адчуванне некаторага лёту, калі ты ўсярэдзіне. Святло грала найважную ролю. Ён нібы адкрываў гэты свет, няважна, быў ты знадворку ці ўсярэдзіне кабіны. Над ліфтам заўжды была лямпачка, як ліхтар на галаве глыбакаводнай пачвары з вялізарнымі клыкамі ды выпуклымі вачыма.
Калі ліфт стаяў на 6 паверсе ці спускаўся ўніз, мне заўсёды было ніякавата. Як быццам усярэдзіне, ці на даху, а можа быць, павісшы на тросе, магло апынуцца нешта жахавітыя. Гэта, мабыць, адзін з галоўных страхаў.
Другое месца займае пралёт патрэбнага паверха. Ліфт спыняецца недзе на подступах да сёмага паверха, далятае да восьмага паверха. Пачуццё непрыязі і немачы пракрадаецца ўсярэдзіну. Дзверы адкрываюцца ў цемру. Нехта рэзка з'яўляецца перад табой. Гэтыя людзі незнаёмыя табе. Можа суседзі. Суседзі якіх ты ніколі не бачыў ды наўрадці пабачыў калі шчэ акрамя ўнутры жаха.
Часам ён прыязджаў на шостай, не ведаю чаму, але гэта мяне палохала больш. Можа ад таго, што на восьмым жыло два мае сябры і сяброўка маткі. Аднак шосты паверх, не абяцаў нічога добрага. І ўсё ткі ў параўнанні з дзявятым паверхам, я гатоў быў падымацца ці спускацца ўсяго на адзін паверх. Бо на дзявятым паверсе столь была значна вышэй, цёмныя калідоры застаўленыя самотным хлудам, смеццем і перарывістым святлом са шчылін дзвярэй здаваліся жудасней.
Дадайце тое, што з дзявятага паверха быў яшчэ неасветлены пралёт да выйсця на дах. Адтуль смярдзела смерцю і экскрэментамі. Бутэлькі, паперкі, шпрыцы, працэсы чалавечай жыццядзейнасці і гуд з маторнага аддзела.
Мне сніліся сны, дзе мой ліфт пралятаў дзявяты паверх. Я да жудасці баяўся гэтых сноў, а пасля іх унікаў ад ліфтаў яшчэ цягам трох-чатырох дзён.
Пралёт свайго паверха палохае, але палохае, калі ты спускаешся, і зноў апынаешся на верхнім паверсе. І так некалькі разоў. Пасля плачу і новай спробы, можна зноў апынуцца недзе ўнізе. Можа на шостым паверсе. Часам пяты. Зазвычай, з пятага было хутчэй за ўсё трапіць дахаты і прачнуцца. Ліфт мог зваліцца. Бывала і такое.
Так што казаць пра тое, калі табе яшчэ няма і дзевяці, а твой страх жыве поруч з табой і ты сутыкаешся з ім практычна кожны дзень. Як мінімум чатырнаццаць разоў на тыдзень.
Мне не было страшна ездзіць з сябрамі. Менавіта тады, гэта месца рабілася разраджаным, забаўляльным. У нас была забава, напакавацца натоўпам у ліфт, паехаць кудысьці і націснуць кнопку «стоп».
Праз паўхвіліны ў кабіне згасала святло, а потым, нехта неадменна нас выклікаў.
Мы кагортай вывальваліся з шумам, смехам, а часам – моўчкі, як бочкі маласалёных агуркоў. Часам, хто-небудзь баяўся і націскаў кнопку кожнага паверха, абы выбрацца з ліфта.
Два разы на год, у сучак здараецца цечка і тады па дварах пачынаюць бегаць велізарныя сабакі ці таго горш, цэлыя чароды, якія часам нясуцца як ураган, аббрэхваючы і выяўляючы агрэсію да ўсіх на шляху.