Што новага ў новых медыя? Зборнік эсэ - страница 3



У дадзены момант тэорыя мемаў развіваецца ў межах асобнага падыходу – меметыкі, які пакуль што не мае паўнавартаснага навуковага статусу, але ж працягвае прывабліваць прыхільнікаў. Меметыка ставіць пытанні пра перцэпцыю і здольнасці распаўсюджваць мемы ў розных асоб, імкнецца высветліць падставы і механізмы распаўсюджвання мемаў.

Па сваёй сутнасці меметыка – гэта канцэпцыя, пабудаваная на эвалюцыйнай тэорыі Чарльза Дарвіна (Charles Darwin), спалучанай з Доўкінзавай тэорыяй мема, якая імкнецца выбудаваць мадэль перадачы культурнай інфармацыі з дапамогай мемаў, што, у сваю чаргу, і з'яўляюцца адзінкамі культурнай інфармацыі (напрыклад, шаблоны паводзін, надакучлівыя ідэі і інш.), якія знаходзяцца ў свядомасці індывідаў і здольныя множыцца, «пераскокваць» з аднаго розуму ў іншы з дапамогай імітацыі, навучання ці пераймання. Галоўным тут з'яўляецца мем-рэплікатар, што перманентна ўзнаўляе сябе ў свядомасці новых індывідаў, а людзі выконваюць толькі функцыю носьбітаў гэтых мемаў.

Для меметыкі змест свядомасці – гэта не што іншае, як сукупнасць мемаў і мемплексаў, а эвалюцыя культуры – гэта ў першую чаргу эвалюцыя мемплексаў. Меметыка адыходзіць ад традыцыйных трактовак культуры і бачыць у якасці ядра ідэі з іх здольнасцю да самаўзнаўлення, без залежнасці ад праўдзівасці апошніх11.

Тэрмін «меметыка» з'яўляецца вытворным ад старажытнагрэцкага μιμητής (mimētḗs) (імітатар). Дарэчы, сам Р. Доўкінз, які збольшага біёлаг, а не культуролаг, не патлумачыў, як менавіта пастаянная дуплікацыя мемаў у свядомасці чалавека ўплывае на культурнае развіццё.

Ён піша: «Я не ўпэўнены, што чалавечая культура на самой справе валодае ўсім неабходным для таго, каб прывесці ў дзеянне якую-небудзь форму дарвінізму. Але ў любым выпадку гэтае пытанне адыгрывае ў маіх разважаннях толькі другасную ролю. <…> Маёй мэтай было паставіць ген на месца, а не ствараць вялікую тэорыю чалавечай культуры»12.

Даследчык разумеў істотныя адрозненні паміж мемамі і генамі, а таксама выказваўся пра метафарычнасць іх параўнання замест аналогіі і падабенства. Сярод істотных адрозненняў Р. Доўкінз бачыў наступныя:

– немагчымасць аб'яднання мемаў у храмасомы з-за адсутнасці іх пэўнага стану (так званых локусаў);

– дакладнасць капіявання мемаў на парадак ніжэйшая, чым у генаў;

– нарэшце, перайначванне мемаў часцяком носяць мэтанакіраваны, а не выпадковы характар.

У «Пашыраным фенатыпе» Р. Доўкінз даводзіць, што «каштоўнасць гэтай аналогіі галоўным чынам не ў тым, што яна можа дапамагчы нам зразумець чалавечую культуру, а ў тым, што яна дазваляе адтачыць нашы ўяўленні пра генетычны натуральны адбор. Гэта адзіная прычына, па якой я так саманадзейна закрануў дадзеную праблему, бо, каб разважаць пра яе, я недастаткова знаёмы з наяўнай культуралагічнай літаратурай»13.

Уплыў «Эгаістычнага гену» быў настолькі моцным, што ідэя здолела аб'яднаць даследчыкаў з розных кірункаў навукі. Прапановы стварыць з тэорыі мемаў асобную навуку пачалі з'яўляцца яшчэ ў 80-х гадах ХХ стагоддзя.

Адметнасць меметыкі ў тым, што яе прыхільнікі звычайна не маюць вышэйшай адукацыі, што і выклікае спрэчкі вакол яе навуковага статусу.

У 1992 годзе Дэніэл Дэнет (Daniel Dennett) у кнізе «Consciousness Explained» паспрабаваў змясціць ідэю мема ў межах мадэлі чалавечай псіхікі, ці, іншымі словамі, у тэорыі розуму14.

У 1996 годзе ўбачылі свет адразу дзве істотныя для развіцця меметыкі працы: Рычарда Бродзі (Richard Brodie) «Virus of the Mind: The New Science of the Meme»