Што новага ў новых медыя? Зборнік эсэ - страница 4



і Аарона Лінча (Aaron Lynch) «Thought Contagion: How Belief Spreads Through Society»16.

Цікава, што А. Лінч распрацаваў сваю канцэпцыю асобна ад даследаванняў Р. Доўкінза і Р. Бродзі і працаваў па-за межамі акадэмічнага дыскурсу – ён быў менеджарам Microsoft.

З 1997 года пачаў выходзіць электроны часопіс «Journal of Memetics – Evolutionary Models of Information Transmission», які быў цэнтрам мем-супольнасці, што імкліва развівалася. Цяпер магчыма знайсці архіў усіх нумароў гэтага часопіса: http://cfpm.org/jom-emit/all.html.

У 1999 годзе была надрукаваная знакавая кніга «The Meme Machine» С’юзан Блэкмар (Susan Blackmore). У тэксце былі прапрацаваныя канцэпты, прапанаваныя вышэйзгаданымі аўтарамі, і знойдзеныя аналогіі з наяўнымі вынікамі даследаванняў у галіне культурнай антрапалогіі. Таксама С. Блэкмар прапанавала новую канцэпцыю эвалюцыі мовы, якія абапіраецца на меметыку17.

У межах меметыкі існуе падзел супольнасці на дзве вялікія групы. Прыхільнікі першай (інтэрналісты) прытрымліваюцца інтэрпрэтацыі мема паводле класічнага вызначэння Р. Доўкінза – як адзінкі інфармацыі, якая знаходзіцца ў свядомасці індывіда. Сярод вядомых прыхільнікаў дадзенай плыні згаданыя вышэй Р. Бродзі і А. Лінч. Прыхільнікі другой (экстэрналісты) трактуюць мемы як назіраныя артэфакты культуры, носьбіты сацыяльна значнай інфармацыі і патэрнаў у паводзінах. Да іх належаць такія даследчыкі, як Дэрак Гатэрар (Derek Gatherer) і Уільям Бензон (William Benzon).

Галоўным довадам экстэрналістаў з'яўляецца сцвярджэнне аб тым, што немагчыма ўявіць меметыку навукай, якая карыстаецца эмпірычнымі колькаснымі дадзенымі, бо немагчыма ўбачыць унутраныя структуры свядомасці. Навукай яе можна будзе лічыць толькі ў тым выпадку, калі засярэдзіць увагу на аб'ектах культурнай сферы, якія магчыма даследаваць колькаснымі метадамі. Інтэрналісты не згодныя з такім падыходам і, у сваю чаргу, прагназуюць, што рана ці позна, але ж новыя тэхналогіі дазволяць атрымаць доступ да ўнутраных працэсаў у свядомасці, а таксама што культура – гэта ў першую чаргу каштоўнасці, перакананні, устаноўкі, звычкі, а не самі асобна ўзятыя культурныя артэфакты. Таму што самі артэфакты не з'яўляюцца рэплікатарамі, у адрозненне ад іх сутнасці і сэнсаў, да якіх яны адсылаюць. У межах інтэрналісцкага падыходу ў якасці вельмі ўплывовай кнігі варта адзначыць працу антраполага Роберта Аўнгера (Robert Aunger) «Электрычны мем»18.

Р. Доўкінз, у сваю чаргу, адрознівае два працэсы ў меметыцы, ці абгрунтоўвае два розныя тыпы мемаў: 1) мем як культурная ідэя, грамадскае дзеянне, не мае шырокіх варыяцый; 2) мем як самакарэктоўная і здольная супрацьстаяць знешнім мутацыям сістэма19.

Меметыку магчыма разглядаць як метад, прыдатны для аналізу будучых культурных рэвалюцый, а таксама як эфектыўную прыладу для аналізу культурнай эвалюцыі.

Даследчык Джэк Харыч (Jack Harich) прапаноўвае дзве мадэлі, якія ён стварыў з дапамогай меметыкі. «The Dueling Loops of the Political Powerplace» – мадэль, што апісвае чыннік карупцыі як палітычнай нормы, якая ўзнікла як наступства атрыманых у спадчыну пераваг адной пятлі зваротнай сувязі над іншай20; «The Memetic Evolution of Solutions to Difficult Problems» – мадэль, што выкарыстоўвае мемы і навуковыя метады меметыкі для дэманстрацыі таго, як складаныя працэсы развіваюцца з цягам часу і як магчыма палепшыць гэты працэс