Танцавальны марафон - страница 2
4
Падпалкоўнiк мiлiцыi Мiкулiч з падкрэсленай цiкавасцю слухаў лейтэнанта Хмару, наваспечанага следчага, якi, хвалюючыся, але даволi ўпэўнена, сам сябе прадстаўляў будучаму начальству. Мiкулiч, уважлiва прачытаўшы прадпiсанне, у якiм значылася, што Хмара скончыў Акадэмiю мiлiцыi i для далейшага праходжання службы накiроўваецца ў следчы камiтэт Першамайскага РАУС горада Мiнска, прыдзiрлiва агледзеў лейтэнанта. Доўгi, цыбаты, трошкi сутулы, Хмара выглядаў разгубленым: што нi кажы, а ён трапiў да самога Мiкулiча, пра якога ў акадэмii ходзяць легенды, як пра лепшага i незвычайнага следчага рэспублiкi.
Нечакана позiрк падпалкоўнiка зачапiўся за белыя шкарпэткi, якiя настырна лезлi ў вочы з-пад караткаватых лейтэнантавых штаноў.
«Калi на прадстаўленне прыйшоў апрануты не па форме – будзе парушаць дысцыплiну!» – з сумам падумаў Мiкулiч i хуценька сеў за стол, схаваў свае ногi, каб лейтэнант не ўбачыў, што i ў яго шкарпэткi далёка не статутнага колеру.
– Бачу, што страявiк з Вас, Iгнат Уладзiмiравiч, неважнецкi, – не стрымаўся, зрабiў заўвагу Мiкулiч i шматзначна кiўнуў на чаравiкi, – форму адзення парушаеце.
Лейтэнантаў твар пыхнуў чырванню, ён выструнiўся i ў чаканнi iншых прыдзiрак апусцiў вочы.
– Але наша з Вамi задача – злачынствы разблытваць ды бандытаў у турму саджаць, – нечакана змянiў гнеў на мiласць Мiкулiч, – а таму дазвольце пацiкавiцца адзнакамi па асноўных дысцыплiнах.
– Я скончыў Акадэмiю мiлiцыi з чырвоным дыпломам, – падкрэслена дзёрзка адказаў Хмара i з выклiкам паглядзеў на падпалкоўнiка. – Па страявой падрыхтоўцы таксама «выдатна»…
Мiкулiч задаволена крактануў. Ён не любiў тых, хто моўчкi праглынаў начальнiцкiя кпiны i беспадстаўныя заўвагi. Мiкулiч i сам па слова ў чужую кiшэню не лез i менавiта праз свой доўгi язык больш за ўсё i цярпеў. У асабiстай справе падпалкоўнiка было аднолькава запiсаў i аб пакараннях, i аб узнагародах. Узнагароджвалi пераважна за раскрыццё цяжкiх злачынстваў, а пакараннi iшлi з адной фармулiроўкай: «За парушэнне субардынацыi i дысцыплiны». Мiкулiч да апантанасцi любiў справу, якой займаўся, iншага жыцця для сябе i не ўяўляў. Высокi прафесiяналiзм неаднойчы ратаваў ад гневу рознага кшталту начальнiкаў, не было яшчэ выпадку, каб падпалкоўнiк здаў у архiў нераскрытае злачынства.
Мiкулiч выглядаў маладзей за свае сорак пяць гадоў. Невысокi, таўставаты i неверагодна рухавы, з хiтрынкай у вачах, ён быў падобны да нейкага шчырага дабрачка-жартаўнiка. Толькi за гэтай вонкавай прастатой, якая часцяком уводзiла ў зман i закаранелых злачынцаў, хавалiся магутны дапытлiвы розум i неверагодная працаздольнасць. Кiруючы следчым камiтэтам, Мiкулiч асабiста мог i не займацца следчай практыкай, i ўсё ж самыя цяжкiя i заблытаныя справы падпалкоўнiк узвальваў на свае плечы.
– Па страявой, значыцца, выдатна… А па агнявой? – заiскрылiся вочы падпалкоўнiка.
– Выбiваю дваццаць сем з трыццацi, – адрапартаваў Хмара i здзiўлена паглядзеў на невядома чаго павесялелага Мiкулiча.
– Маладзец, – пахвалiў падпалкоўнiк, – а я – толькi пятнаццаць, на дохлы траяк…
Мiкулiч нечакана ўзгадаў апошнюю здачу залiкаў, страявы агляд i чарговую вымову… Ён скептычна ставiўся да тых, хто не быў прафесiяналам, асаблiва да вайсковых палкоўнiкаў ды генералаў, якiя апошнiм часам прызначалiся кiраваць мiлiцыяй. Для iх чалавек ў пагонах – спярша страявiк, а потым ўжо – i сышчык, i следчы, i ўчастковы… Адзiн з такiх высокiх, нават вельмi высокiх начальнiкаў-генералаў на поўным сур’ёзе цэлую гадзiну даводзiў, што раскрыццё злачынстваў на дзевяноста працэнтаў залежыць ад страявой падрыхтоўкi. У нейкi момант Мiкулiч нават ушчыкнуў сябе за руку: цi не снiцца яму гэта? Не, не снiлася. Больш таго, гэты генерал-чырвонапагоннiк быў перакананы ў асабiстай праваце. Праставаты выгляд Мiкулiча зрабiў яму дрэнную паслугу, бо ў нейкi момант генералу здалося, што падпалкоўнiк пасмiхаецца. Генерал, як уджалены, падскочыў да Мiкулiча.