Танцавальны марафон - страница 4
Канечне, пэўная работа аператыўна-следчай групай была праведзена i ў асноўным тычылася збору звестак пра Шапавалава i падзеi, якiя папярэднiчалi няшчаснаму выпадку. Фармальнасць гэтай работы была вiдавочнай, дый па-iншаму i быць не магло, бо нiякага крымiналу ў здарэннi нават не праглядвалася.
«Тады навошта, дзеля чаго Мiкулiч падсунуў мне гэтую справу? – разважаў Хмара. – І што азначаюць падпалкоўнiкавы словы „Трэба ж з нечага пачынаць“?»
Ранiца наступнага дня выдалася надзiва сонечнай i цёплай. Лужыны на гарадскiх вулiцах блiшчэлi серабром, але дажджу не было, гэта палiвачныя машыны пастаралiся стварыць святочную чысцiню i жаданую прахалоду. Хмара трошкi прайшоўся па тратуары, збочыў у Севастопальскi сквер i наўпрасткi па добра-такi ўтаптанай сцяжынцы пашыбаваў да тралейбуснага прыпынка. Хтосьцi нябачны за густым кустоўем свiснуў, мабыць, падклiкаючы сабаку.
Настрой у Хмары быў выдатны, ад учарашняй прыгнечанасцi не засталося i следу. Лейтэнант быў перакананы, што справу Шапавалава ён атрымаў як вучэбны дапаможнiк, i гэтае Мiкулiчава празмернае апекаванне сёння падалося смешным.
Пасля пяцiхвiлiнкi Мiкулiч папрасiў Хмару застацца i, медыцынскiм скальпелем вострачы аловак, нецярплiва спытаў:
– Прачыталi справу?
– Так, – кiўнуў лейтэнант.
– Ну, i што можаце сказаць?
– Я цалкам згодны з версiяй, што Шапавалаў памёр не гвалтоўна. Судова-медыцынская экспертыза пацвярджае факт…
– Я ведаю, што сказалi эксперты, – Мiкулiч рэзкавата перапынiў Хмару i насупiўся; ён кiнуў на стол аловак, схаваў у шуфляду скальпель. – А вось у мяне ёсць пытаннi, i галоўнае: чаму хворы чалавек пацягнуўся на танцулькi? Няўжо пяцiдзесяцiгадовага мужыка не стрымала запаленне лёгкiх?
– Шапавалаў быў п’яны, – зазначыў Хмара.
– Не п’яны, а выпiўшы, – з’едлiва ўдакладнiў Мiкулiч.
«Ён што, здзекуецца?» – раздражнёна падумаў Хмара. Добры настрой знiк, у душу закралася пачуццё прыгнечанасцi, быццам штосьцi яму не дадзена зразумець у гэтай справе.
– Шапавалаў прыйшоў у клуб «Каму за трыццаць» з жанчынай, – не звяртаючы ўвагi на iмгненна знiякавелага лейтэнанта, вёў сваё Мiкулiч. – Як яе?..
– Александровiч Галiна Вiктараўна, – адказаў Хмара i нечакана зразумеў, што падпалкоўнiк наўмысна цягне яго ў спрэчку.
– А чаму сяброўка Шапавалава не ўзгадала хваробу каханка? Не ведала? Малаверагодна… Яны больш за год ў даволi блiзкiх адносiнах…
– Што зменiцца, калi мы ўстановiм, што Александровiч ведала пра хваробу Шапавалава i змаўчала на допыце?
– Юрыдычна нiчога, – ажно засвяцiўся Мiкулiч. – А цяпер трошкi пафантазiруем, паспрабуем лагiчна абгрунтаваць з’яўленне пацярпелага ў клубе «Каму за трыццаць». Думаю, што без танцаў Шапавалаў мог абысцiся, а вось без палюбоўнiцы, можа, i не. Толькi навошта сустракацца ў клубе, калi ў Александровiч, як вядома, мелiся асабiстыя ключы ад халасцяцкай кватэры каханка?
– Мы не даведаемся, што iм кiравала, – раздражнёна прагаварыў Хмара; слухаючы i назiраючы за Мiкулiчам, лейтэнант нечакана засумняваўся ў легендах, якiя чуў пра гэтага чалавека. – Шапавалаў мог прыйсцi ў клуб i каб напiцца, i каб патанцаваць, i каб сустрэцца з палюбоўнiцай.
– Толькi не памерцi! – задаволена ўскрыкнуў праставаты Мiкулiч. – Таму я i хачу, каб Вы знайшлi сапраўдную прычыну i дакладна высветлiлi: чаму хворы Шапавалаў аб’явiўся ў клубе?
– І гэта ўсё? – шчыра здзiвiўся Хмара.
– Не так i мала, – усмiхнуўся Мiкулiч i лагодна прабурчэў: – Я згодны з афiцыйнай версiяй, толькi Шапавалаў не быў разухабiстым мужыком, цанiў сваё здароўе i асаблiва – заробленую капейку… Тая ж Александровiч, калi заўважылi, назвала палюбоўнiка «прыжымiстым мужыком».