Танцавальны марафон - страница 5
6
Пошукi Александровiч пачалiся з нейкай незразумелай таямнiчасцi. Хмара спярша пазванiў дадому, але тэлефон упарта маўчаў, а на працы мiлагучны жаночы голас млява паведамiў, што ў фiрме «Венера» Галiна Вiктараўна Александровiч не працуе i нiколi не працавала.
«Але ж у пратаколе допыту значыцца зусiм iншае… Што падштурхнула каханку Шапавалава да хлуснi? – разважаў Хмара. – Чаму яна ўзгадала фiрму “Венера”? Наўмысна замоўчвае месца сапраўднай працы? Магчыма, але навошта такая дакладнасць, ды яшчэ пасаду пазначыла – кансультант?» Хмара яшчэ раз патэлефанаваў у «Венеру» i паспрабаваў высветлiць, чым займаецца фiрма. У адказ усё той жа мiлагучны голас завучана i з непрыхаваным юрлiвым пачуццём працытаваў:
Гэтае вершаванае тлумачэнне падзейнiчала лепш, чым Мiкулiчавы хiтраватыя намёкi на паглыбленую праверку смерцi Шапавалава. Праз гадзiну Хмара быў на вулiцы Танкавай i хутка знайшоў дом і пад’езд, дзе жыла Александровiч. На ўваходзе Хмара звярнуў увагу на перапоўненую газетамi паштовую скрынку. Было вiдавочна, што Александровiч даўнавата не наведвалася па гэтым адрасе. Здагадка пацвердзiлася, i лейтэнанту нiчога не заставалася, як гаварыць з суседзямi.
На лесвiчнай пляцоўцы месцiлiся чатыры кватэры, але толькi ў адной адазвалiся на званок. Хмару непамерна доўга i прыдзiрлiва вывучалi праз вочка, за дзвярамі чуўся шэпт i старэчы кашаль. Лейтэнант нецярплiва зноў нацiснуў на кнопку званка, выцягнуў з кiшэнi мiлiцэйскае пасведчанне i, разгарнуўшы перад самым вочкам, строга сказаў:
– Я з мiлiцыi, хачу задаць некалькi пытанняў.
Пасля гэтых слоў на нейкi момант запанавала цiшыня, потым зноў данёсся шэпт, i нарэшце шчоўкнуў замок, дзверы прачынiлiся, але роўна настолькi, наколькi дазваляў серабрысты ланцужок. У шчылiне з’явiлася сухая, жоўтая, быццам з воску, рука.
– Дай дакумент, – рэзкавата загадаў нябачны гаспадар i надрыўна закашляўся.
Хмара без ваганняў паклаў пасведчанне на дрыжачую далонь, якая iмгненна знiкла, шчоўкнуў замок. Лейтэнант цярплiва чакаў. Нарэшце дзверы адчынiлiся, i ўсё той жа голас запрасiў:
– Праходзьце.
У вузкiм, як размiнуцца дваiм, калiдорчыку стаялi стары i старая. Абое невялiкага росту, хударлявыя, зямлiста-шэрага колеру твары былi пасечаныя глыбокiмi зморшчынамi. Дзве пары выцвiлых слязлiвых вачэй з цiкаўнасцю i страхам глядзелi на лейтэнанта. Хмара нечакана разгубiўся, яму нiколi ў жыццi не даводзiлася бачыць людзей гэткага сталага веку. Ён павiтаўся i паспешлiва патлумачыў:
– Я шукаю вашу суседку з сорак пятай кватэры.
Гаспадары перазiрнулiся.
– Гавары ты, – прашапялявiла старая i, унiкаючы глядзець на Хмару, разгублена дадала: – У кватэру не запрашаем – не прыбрана.
– Усё ў нас чыста, – нечакана ўзвiўся гаспадар, ягоныя шчокi па-ружавелi, вочы ажылi.
– Не запрашаем, бо няма чым частаваць, – гаспадар нечакана змоўк, ухапiў сябе за дрыжачую скiвiцу i, не зважаючы на Хмару, паправiў устаўныя зубы. – Гарбата i тая скончылася, а схадзiць у краму не можам – ногi не iдуць.
– Ды мне пачосткi нiякай i не трэба, – адчуваючы, што чырванее, адмахнуўся Хмара; ён ужо шкадаваў, што так настойлiва рваўся ў гэтую кватэру.
– Госць у хату – стаў самавар, – падвёў рысу гаспадар, які быццам i не чуў лейтэнантавых слоў.
Старая цяжка ўздыхнула i пашкрэбала на кухню. Было вiдавочна, што мужавы словы тычылiся толькi яе.