Тэадор Нарбут. Навуковая і літаратурная дзейнасць, сям’я і сядзіба, яго час - страница 4
Але хутка французскія войскі пачалі адступаць. Нарбут не пакідаў Вільні і з вялікім неспакоем назіраў за тым, як з галоўнага імператарскага штаба наплываюць туманныя загады і няясныя рапарты. Злавесныя весткі прыходзілі ў Вільню з хуткасцю тэлеграфа, якога ў той час яшчэ не было. У канцылярыі герцага Басано нарастаў хаос. Напалеон таемна прамчаўся праз Вільню і накіраваўся ў Парыж. За Напалеонам спешна рушыў увесь штаб. Ваенная эпапея заканчвалася.
Разам з канцылярыяй Басано, пацягнуўся за Нёман на сваёй Сіўцы і Нарбут. Але ўжо каля Аўгустова ён зразумеў, што не можа бадзяцца недзе на чужыне, і вырашыў застацца на Радзіме. Павярнуў Сіўку і паехаў да свайго сваяка Прота Нарбута, які жыў тут недалёка. Прот – сын вядомага прыгажуна Нарбута, які быў аздобай салона на «чацвярговых абедах»27 караля Станіслава Панятоўскага.
Юзаф Азямблоўскі. Партрэт Тэадора Нарбута
Спадар Прот і яго дачка Клемянціна прынялі Тэадора са стараліцвінскай гасціннасцю, і гісторык змог адпачыць тут ад перажытага. Час бавілі гутаркамі пры каміне. Клямуся, займаючыся вышыўкай, уважліва слухала сваяка і выходзіла толькі, каб у стайні папесціць нарбутаву Сіўку.
Тым часам рускія войскі шукалі дэзерціраў. Чуйнае вушка Клямусі з непакоем прыслухоўвалася да ўсіх чутак. І аднойчы яна прыбегла з весткай пра набліжэнне казакаў. Сіўка стаяла каля ганка пад сядлом, але казакі ўжо ўязджалі праз браму. Вершнік адным скокам пераадолеў плот і паскакаў да лесу. За ім пагналіся казакі – яны сыпанулі ўздагон градам куль. Некалькі куль патрапіла ў Сіўку, і яна звалілася каля зарослага густым чаротам возера. Тэадор схаваўся і перасядзеў тут да ночы, але кулі яшчэ доўга свісталі над чаротам.
Калі ўсё сціхла і начны змрок ахінуў зямлю, Нарбут выйшаў са схованкі і асцярожна скіраваўся да бліжэйшай плябаніі. Ксёндз-пробашч сам адчыніў яму дзверы і правёў унутр. Потым пераапрануў Тэадора парабкам і, пасадзіўшы як вазніцу на вазок, загадаў, як быццам везці ксяндза да хворага. Праз некаторы час яны стаялі перад леснічоўкай. Ксёндз паставіў Святы Сакрамант на стол, паклікаў усю сям'ю лесніка і загадаў ім прысягнуць, што яны не здрадзяць таму, каго ён прывёз, схаваюць і зберагуць яго ў сябе. Прысягнулі ўсе.
У лясной глушы сярод сумленных людзей Нарбут адчуваў сябе ў бяспецы. Было дамоўлена, што калі Тэадор пойдзе кудысьці з хаты, а ў яе прыйдзе нехта чужы, дык на знак небяспекі будуць вывешаны белыя хусткі. Кавалеўская піша, што менавіта тут, у лясной цішы, Тэадор Нарбут і задумаў напісаць свае будучыя тэксты і пачаў збіраць стараліцвінскія легенды і паданні.
Час ад часу леснічоўку наведваў спадар Прот Нарбут, а яго дачка выкупіла ў казакаў шкуру Сіўкі і загадала пашыць з яе доўгі дарожны куфэрак, у якім гістарыёграф Літвы потым усё жыццё захоўваў свой французскі мундзір, лісты герцага Басано, загады Напалеона і іншыя сувеніры тых часоў.
У наступным годзе цар Аляксандр І абвясціў амністыю для ўсіх удзельнікаў ваеннай драмы. Нарбут звярнуўся па ласку манарха і атрымаў звальненне са службы і пагашаную за ўвесь час адсутнасці на службе грашовую запазычанасць.
Менавіта згадка пра гэтыя грошы, атрыманыя за той час, калі Нарбут служыў Напалеону а потым хаваўся, дадае веры ва ўсю гэтую гісторыю, робіць больш яе сапраўднай і жыццёвай. Гэтага не прыдумаеш, а калі захочаш напісаць гісторыю пра «сапраўднага героя», дык не будзеш узгадваць, што ён узяў грошы за той час, калі служыў супраць таго, хто іх выплаціў. Тут усё па-нашаму –