Тэадор Нарбут. Навуковая і літаратурная дзейнасць, сям’я і сядзіба, яго час - страница 6




Уладары «творчых» маёнткаў жылі па пэўнай схеме, якую можна ахарактарызаваць як «жыццё па Гарацыю». У той час паўсюдна ідэалізавалі гэтага рымскага паэта і кіраваліся яго думкамі – не толькі чыталі і перакладалі яго творы, але і пераймалі жыццёвы шлях Гарацыя, бо абшарнікі-творцы, як калісьці і сам Гарацый у сваім знакамітым маёнтку на рацэ Тыбур (што каля цяперашняга Цівалі), таксама жылі і тварылі ў сваіх маёнтках. У сваёй сядзібе рымскі паэт атрымліваў асалоду ад адасобленага жыцця і адчуваў сапраўднае чалавечае шчасце. Творчасць заўсёды займала важнае месца ў жыцці вышэйзгаданых абшарнікаў, але іх ніколі не адпускалі і гаспадарчыя праблемы. Часам, як і Гарацый, гаспадары маёнткаў скардзіліся на адзіноту і нуду, але калі ім даводзілася пакідаць свой дом, яны вельмі хутка сумавалі па ім. Бо толькі ўласная сядзіба была тым месцам, куды творца заўсёды хацеў вярнуцца, толькі свая сядзіба заўсёды была сапраўдным прытулкам шляхціца. Як і Гарацый у маёнтку на Тыбуры, уладальнікі гэтых сядзібаў пастаянна сачылі за тым, што адбываецца па-за межамі іх асабістай прасторы. Іх сядзібы былі месцам, дзе фізічнае жыццё спалучалася з творчасцю, месцам, дзе творца ствараў для сябе аазіс духоўнага супакою і мог жыць па дэвізе Гарацыя — «Carpe diem…» («Карыстайся (кожным) днём», ці цалкам: «Сarpe diem quam minimum credula postero» – «Карыстайся (кожным) днём і як мага менш спадзявайся на наступны», лац.).

Для абшарнікаў-творцаў важным было вучэнне Гарацыя аб «разумнай любові» да радзімы. Бо рымскі паэт вучыў творцаў, як жыць у складанай палітычнай сітуацыі. Гэтым можна патлумачыць «сіндром Гарацыя» – г. зн. проста ашаламляльную колькасць перакладаў твораў рымскага паэта менавіта пасля паўстання 1830—1831 гг., калі папулярнасць Гарацыя дасягнула свайго апагею32. У крытычныя моманты жыцця краіны рымскі паэт заўсёды станавіўся самым чытаным і трактаваным аўтарам. Пераклаў і выдаў кнігу Гарацыя і наш Тэадор Нарбут33.


Трэба сказаць некалькі слоў пра партрэты Тэадора Нарбута, якія адлюстроўваюць асобу гісторыка падчас жыцця ў Шаўрах.

Адам Кіркор у 1854 г. пісаў: «З радасцю паведамляю, што партрэт гэтага заслужанага ветэрана нашай гісторыі неўзабаве будзе выдадзены ў Варшаве, у вялікім зборніку сп. Фаянса. Вялікія заслугі Нарбута, яго вялікая праца і адданасць навуцы яшчэ больш прывабліваюць нас да яго незвычайнай сціпласці, адсутнасці фанабэрыі і чароўнай прастаты»34. Класічным партрэт Тэадора Нарбута, пра які паведамляў Кіркор, выканаў вядомы мастак Максіміліян Фаянс (1827—1890). Першы раз яго надрукавалі ў 1857 г. у альбоме «Вобразы Польшчы» («Wizerunki polskie»)35. Літаграфія зроблена паводле фотаздымка, дзеля якога гісторык двойчы спецыяльна ездзіў у Вільню да мастака-дагератыпіста. Двойчы таму, што першая фатаграфія здалася варшаўскаму выдаўцу «недакладнай». Але ў выніку атрымаўся хрэстаматыйны і самы вядомы партрэт Тэадора Нарбута.

Таксама добра вядомы партрэт-літаграфія нашага гісторыка зроблены Юзафам Азямблоўскім (1805—1878) паводле малюнка Адольфа Піварскага (1817—1870). Азямблоўскі быў сталым ілюстратарам твораў Нарбута. Гэтая літаграфія з'явілася каля 1840—1841 г. па ініцыятыве Антонія Марціноўскага, выдаўца шматтомніка Нарбута «Гісторыя літоўскага народа», калі ішла падрыхтоўка да друку дзясятага, апошняга, тома твора, які так і не выйшаў. Партрэт павінен быў быць размешчаны ў кнізе побач з біяграфіяй аўтара.