Тэадор Нарбут. Навуковая і літаратурная дзейнасць, сям’я і сядзіба, яго час - страница 7
Абодва партрэты пацвярджаюць апісанне гісторыка зробленае сваячкай і суседкай Камілай Юрэвіч з Нарбутаў: «Меў і знешнасць ліцвіна: светлы бландзін з вялікімі блакітнымі вачыма і лагодным выразам твару. Ад прыроды меў моцнае цела і спадзяваўся дажыць да 100 гадоў»36.
Партрэт Нарбута, зроблены незадоўга да яго смерці, здаецца, добра адлюстроўвае ўнутраны сусвет старога і мудрага чалавека.
Вільня і дарога ў Вільню, Нарбут у вёсцы
Запрашаючы да сябе свайго сябра Аніцэта Рэніера, гісторык пісаў: «Прыязджай, шаноўны пан Аніцэці, прыязджай да мяне. Даехаць зручна, па добрай дарозе, па якой мае фурманкі возяць прадукты, таму – сам у адной, рэчы ў другой і трэцяй – у яе можна паставіць куфар з усім неабходным. Пісар, які будзе з фурманкамі, атрымае ад мяне неабходны загад. Калі зараз не можаш, дык праз некалькі тыдняў мае фурманкі зноў павязуць прадукты [у Вільню]»37.
Тэадор стала дасылаў фурманкі з прадуктамі сваёй гаспадаркі на продаж у Вільню. Канешне ж, для яго гэта было больш выгадна, чым прадаваць іх цераз перакупшчыка, у гэтым сэнсе маёнтак Шаўры меў добрае становішча. Пра продаж тавараў у Лідзе Тэадор нават і не згадваў, што цалкам зразумела – Ліда была далей, чым Вільня і мела больш слабы рынак. Але нашы дарогі з-за сваёй якасці часта не злучалі людзей, а наадварот, разлучалі іх. «Пасля доўгага бездарожжа, прыйшоў час, калі можна выслаць некалькі фурманак ў Вільню, каб купіць неабходнае»38, – пісаў гісторык 21 студзеня 1843 г., калі дарогі ўжо скаваў мароз. І праз 10 месяцаў таго ж года: «Высылаю па ўжо трошкі замерзлай зямлі фурманку з жытам у Вільню і, каб не страціць аказіі, пішу гэты ліст»39.
Позні партрэт Тэадора Нарбута
Калі я наведаў Шаўры, падумалася – якое ж гэта добрае месца, як блізка да Вільні, дзе жылі яго сябры і аднадумцы – пэўна Нарбут вельмі часта наведваў гэты горад. Аднак, у рэальнасці ўсё было не зусім так. «Не магу выбрацца ў Вільню, заўсёды нешта перашкаджае. Але калі я ў Вільні, дык цяжка вярнуцца дахаты, бо мяне дома немагчыма без гаспадара»40, – пісаў гісторык 19 студзеня 1842 г.
У жніўні 1844 г. Нарбут паведамляў Аніцэту Рэніеру: «Пра варшаўскі павадак знойдзеш у газеце. У нас на працягу 5 дзён перад нядзеляй быў страшны лівень, якога раней не бачылі, ён таксама і ў нас выклікаў патоп. Дарога на Вільню была затоплена, паштовым трактам мог праехаць толькі вершнік. У Віленскім Зарэччы здарылася жудаснае: млыны, дамы з дзецьмі пайшлі з вадой у Вілію. У Паўлава Кабылінскага41 рэчка Мерачанка знесла мураваны бровар, пры гэтым быў страчаны і медны кацёл, які важыў 700 фунтаў. Ніхто ў нас не памятае такога павадка»42, – паведамляе Тэадор сябру чуткі з усяго краю.
Гісторык звяртаўся да свайго сябра-доктара Рэніера таксама і з гаспадарчымі праблемамі: «Ці знойдзецца для мяне садоўнік? Папярэдняму плаціў 20 рублёў срэбрам і жытло, нежанатаму даў бы 25 рублёў срэбрам у год. Зрабі такі запыт, каб праз некалькі тыдняў я мог ведаць, ці знойдзецца садоўнік. Парнік яшчэ не заклаў. Меў садоўніка з Гародні, але яго збаламуцілі»43.
10 мая 1840 г. Нарбут паведамляе сябру-доктару Рэніеру, што ў яго вёсцы шмат хворых, ён чакае сябра ў госці і просіць прывезці лекі, асабліва ад ліхаманкі і гарачкі. Пра сябе паведамляе, што «цалкам здаровы, жаўтуха пасля тваіх рэцэптаў прайшла. Калі ласка, купі тэрмометр, бо мой разбіўся. Трэба купіць звычайны, пасаджаны на простую бляху, галоўнае каб ён быў дакладны і меў надзейную шкалу. Мой чалавек возьме грошы ад Марціноўскага, каб выканаць некаторыя даручэнні»