Уладар рыбаў - страница 4



– О, як люблю я той куток,
Дзе нарадзіўся я і рос…

«Памыліцца цяжка», – уздыхнуў пра сябе Вінусь.

Як сена мы складалі ў стог,
Як плёскаліся ў рэчцы,
Як усміхаўся нам мурог
I вабілі далечы…

– захліпаўся Андрусь звонкім дзіцячым галаском.

Калі ён скончыў чытаць, узнікла даўгая паўза. Усе крадком паглядвалі на Анціка: які тон задасць ён, каб потым абрынуць свае выказванні на новаспечанага паэта. Аднак гаспадар вечарыны не спяшаўся, выпіў чарку, нікога не запрасіўшы. Тады слова ўзяў Вінусь:

– Я не хачу тут анікога, так бы мовіць, разбіраць – мы не на партсходзе, і тым больш, як у школцы, казаць, што мне спадабаўся ці не спадабаўся твор за тое і за гэтае. Я проста пазначу тэндэнцыю. Відаць, усе пачынаючыя, прабач, Анцік, творцы, яшчэ не адышоўшыя ад дамашняй пупавіны ў самастойны свет, засноўваюць сваю творчасць на трох кітах: Прырода, Радзіма, Маці. Яны гатовыя бясконца апісваць усе іхныя «трэшчынкі» і клясціся ў вечнай і чыстай любові. Гэта нармалёва – чалавек пазнае свет. Адно шкада, што робяць яны гэта тымі ж самымі словамі, што пісалі гэткія ж маладыя паэты шмат пакаленняў таму. Твой верш, Андрусь, вельмі падобны да твора Канстанцыі Буйлы, і нічога страшнага ў тым няма. Проста павінна быць свежасць пачуцця, а перадаць яе трэба праз словы, якіх на самай справе не так і шмат. Аднак нотаў яшчэ меней. Так што ўся справа ў сугуччы – слова і душэўнага настрою. Працягвай свае практыкаванні, а яшчэ больш – чытай.

– Ну ты выдаў, – адгукнуўся Анцік, – проста прафесар, лекцыі чытаць табе. А ліха з імі, з тымі кітамі, давайце вуп’емо.

Усе ажывіліся, акром Кірыла, і пацягнуліся за чаркамі.

– Слушна, слушна, спадар Вінсэнт, – заўважыў Каменны Госць, – што значыць чалавек у выдавецтве працуе. Ну, за адвечных трох кітоў!

– Добра, слушна, ну, будзьма, – загаманілі ўсе разам.

– А я дык лічу, што гаўно.

Госці ў зняменні ўтаропіліся на Кіцю.

– Яно табе трэба, Андрэйка? Хадзі лепей да мяне, ды пасуньцеся ж вы, – ледзьве не прыкрыкнула яна на Анатоля з дзяўчынаю. – Хадзі да мяне, маленькі, я цябе чаму іншаму навучу, – сэксуальна закаціўшы вочы і бессаромна ўсміхаючыся, заклікала Кіця.

Падпіты хлапец памкнуўся ўжо да Кацярыны, аднак Анцік згроб яго ў абдымкі і ўсадзіў побач з сабою.

– Налівай свае вокі, ці што тамака, бокі, Андрусь-Габрусь, улівайся, адным словам, – падбаўляючы юнаку ў кілішак казаў Анцік. – Яно, шчыра кажучы, мела рацыю Кацярына. Сапраўды, гаўно твае вершы, і пісаць табе не трэба, але чалавек ты харошы, прыгажунчык які, – патрапаў па валасах, – не сумуй. Во табе, на, хлеб – бацька, гарэлка – маці. Што яшчэ трэба…

Аднак п’яны ўжо малы толькі хліпаў носам. I не ад крыўды, а ад роспачы, з-за таго, што не змог стрымацца перад гэтымі дзядзькамі.

– Пайшоў ты, Антон-г…н, да чаго дзіця давёў, – раскрычалася Кіця. – Піцьменнікі! Хадзем, малятка, са мной, – прыціскаючы галаву хлапца да сваіх грудзей, Кіця павалакла яго на кухню.

– А вуп’емо, хлапцы! Га? – наліваў Анцік.

– Нашто ты так з ім? – падаў голас Віталь, бясконца міргаючы вочкамі.

– Слабачок малы, а ўсё туды ж, у паэты. Вунь Наталя таксама вершы піша, а возьме шлюб, народзіць дзетак і забудзецца на ўсё. Праўда, Натка? – абдымаючы і цалуючы дзяўчо, вуркатаў Анатоль. Ачмураная гарэлкай і мужчынскай ласкай, дзяўчына слаба ківала.

Не кажучы нічога, Кірыл выпаўз са свайго кутка і сышоў, грымнуўшы дзвярыма.

– Дапраўды, не трэба было, – мовіў Вінусь. – Хай бы пісаў сабе, потым зразумеў бы што да чаго.