Уладар рыбаў - страница 6



– А я не маю патрэбы ў разуменні! Шчасце, калі цябе разумеюць? Лухта!!! Чалавек не павінен падказваць некаму свае жаданні й намеры. Не разумееш? Цудоўна! Значыць, ёсць загадка. Ненавіджу гэтае ўсёдаравальнае разуменне ў вачах! – усхадзіўся Анцік. – А пайшлі б вы ўсе! Паселі тутака, п’яце… На блазна падзівіцца захацелі?!!

Усе напружана сціхлі. I толькі Наталя спалоханым шэптам прасіла Анатоля пайсці адгэтуль і нярвова церабіла ягоную руку.

– Ідзіце вы ўсе!!! Блага мне, – прасіпеў здаўлена.

Госці вяла пачалі разыходзіцца.

– Бывай, патэлефаную, – крануў абыякавага Анціка за плячо Вінусь. За ім учапілася Кіця. Яна ледзьве не прыціснула яго ў ліфце, горача прашаптаўшы ў самае вуха:

– Я хачу цябе.

Вінусь быў не такі п’яны, як Анцік, аднак гарэлка зрабіла сваю справу, а тым больш калі дзяўчына так адкрыта сябе прапаноўвае…

Да хаты дабраліся на таксі… Адзенне пачалі скідаць у вітальні. Сяк-так падаслалі прасціну, абы-як пакідалі падушкі і тут жа гэта ўсё змясілі. А Кіця ўсё крычала:

– Мне не хапіла цябе, Вінусь! Мне не хапіла цябе…

Ён жа, быццам праваліўшыся ў ватную цемру, не адчуваў нічога, нібы робат, атрымаўшы загад, тупа яго выконваў.

Яна спала, раскінуўшыся на пасцелі. У шэрай каламуці ранка яе цела падавалася гіпсавым, быццам забытая скульптура ў асірацелай майстэрні.

Вінусь паволі курыў і спустошана глядзеў у чорнае вока кавы ў кубачку.

Згадаўся радок:

– Дазволіш згвалціць сам сябе… Як прыкра…

– Пры-крап-ры-крап-ры-крап, – манатонна паўтарала вада з крана.

эпізод 4

«Бясконца, да адурэння, па пылінцы, па крышынцы, па хваінцы, бы мураш, цягаць і цягаць каштоўнае смецце – літарка да літаркі, слоўца да слоўца… А нехта няўмольны возьме і раздушыць безабароннае збудаванне… Згарае энергія. Бессэнсоўна. Нікому не патрэбныя веды, не скарыстаныя, напластоўваюцца і напластоўваюцца, асядаюць пад уласнай важкасцю і зноў адкладваюцца – слой за слоем, выпраменьваючы назапашаную энергію. А калі яна пяройдзе крытычную кропку, адбываецца самаўзгаранне. I тлее-гніе сабе паціху ў табе – вялізнай сметніцы, што ўяўляе сябе ўрнай. А сутнасць адна – парахня…»

– Моцна, але недакладна!!! Недаацаніў свае магчымасці ігрок! Мяч трапіў за лінію варотаў! Як шкада!! Паглядзім яшчэ раз… А пазіцыя была выгодная… Крок за крокам ствараўся галявы момант. А-я-яй, так памыліцца…

– Дзе я памыліўся? – здрыгануўся Вінусь, адрываючыся ад напісанага. Ён ледзь не адскочыў ад камп’ютара. – Адкуль раптам голас спартыўнага каментатара? Я не ўключаў ні радыё, ні тэлевізію. Так гучна, проста ўвушшу!

– Згубнае ўздзеянне тэхнікі на чалавека, – механічным голасам прамовілі камп’ютарныя калонкі, а на экране ўзнікла застаўка – карцінны кот з рыбінай.

– Ды што ж гэта такое?! Я не рабіў аніякай застаўкі! Пайшоў прэч! Псік!!! – крычаў хлопец, націскаючы на клавішы.

– Я, ме-еўжду протчым, павагі патрабую, – зноўку азваліся калонкі ўжо кашэчымі інтанацыямі.

– Хопіць з мяне здзекавацца! Знайсці б мне толькі гэтага «народнага ўмельца», што лазіць у мой камп’ютар ды нейкія вірусы запускае, я б яму паадбіваў ягоныя «ачумелыя ручкі». Ну хто так настойліва перашкаджае мне пісаць?

Раптам залямантаваў званок над дзвярыма.

– Каго там яшчэ чэрці прынеслі на маю галаву? – узлаваўся Вінусь.

На парозе стаяў Анцік з бутэлькай і ўжо на падпітку.

– Здароў! Давай пасядзім, удваіх. Абрыдлі мне гэтыя кампаніі, – не чакаючы запрашэння ўваліўся і пачаў распранацца.