Уладар рыбаў - страница 5



– Потым? Калі потым? – ашчэрыўся Анцік і, крыху счакаўшы, з мефістофелеўскай усмешачкай дадаў: – А люблю я людзей цвяліць. – Стукнуў кулаком па стале. – Творчая злосць павінна прачнуцца. Вось ты мне так сказаў, а я табе такім творам адкажу – на, атрымай, фашыст, гранату. Каб той, хто ганіў, запаважаў, мо ён гэтага і не выкажа. А не будзе злосці, цішком соплі вытраш аб падушку – бывайце, юначыя мары, і – усё, нічога не будзе, сканчылося! – Анцік абвёў пакой дэманічным позіркам. – Дзе ён? – Хутка і моцна, бы гепард, скокнуў на кухню і прывалок разамлелага ад Кіцінай кампаніі Андруся, рэзка пасадзіў ля сябе. – Не крыўдуй, вуп’емо прымірэнчую. Ты – паэт, я – паэт, крыху большы. Ты – дурань, я – дурань, большы ці меншы – не нам судзіць, – кульнуў чарку.

– Кірыл збег, – азваўся Віталь.

– Гэты надзьмуты? Ліха з ім, з тым таўстуном. Выбітныя пісьменнікі не былі таўстымі, яны былі Талстымі альбо яшчэ й агромністымі, – махнуў рукой Анцік. – Слухай, Андрусь. Буду чытаць свой верш.

Аднекуль пачуўся храп і соннае чмоканне. Анцік перагнуўся праз стол.

– А-а, гэта ты, рыба-прыліпала!

Пагляды прысутных скіраваліся на месца між сталом і канапай. Там, паклаўшы далоні пад галаву, мірна спачываў Мікіта.

– Ну й хай сабе спіць.

Між тым градус вечарыны мацнеў. Кіця нярвова паліла, кідаючы пажадлівыя позіркі на Вінуся. У кутку, пакінутым Кірылам, «салодкая парачка» – Анатоль і Наталя, – не звяртаючы ўвагі на астатніх, ледзьве не займаліся каханнем. Алесь сядзеў нязрушна. А Віталь лісліва зазіраў у вочы Анціку, чакаючы чарговай фразы. Вінусь выпіў і скрывіўся, узяў пляшку, паглядзеў на этыкетку:

– «Два буслы». Гэта ж, відаць, мы з табою, Анцік.

– Уга! Толькі я ўжо ў нябёсах, а ты яшчэ на зямлі вожкаешся. Шаноўнае спадарства! Маю гонар прапанаваць вам верш, – выйшаў на сярэдзіну пакоя Анцік. – Для цябе чытаю, Андрусь, як там цябе, Налібоцкі.

Ён абвёў усіх уладарным позіркам, і аўдыторыя скарылася ягонаму магнетызму, сціхла ў чаканні.

– Не хадзіце за мной, не хадзіце,
Бо я маю рахункі з сабой.
Не кахайце мяне, не любіце,
Бо каханне – для дурняў сымболь…

Чым далей Анцік чытаў, тым больш іранічнымі рабіліся пагляды слухачоў. Усе, акрамя зачараванага Андруся ды яшчэ Наталі, цішком пасміхваліся.

– I хоць трэсніце ногі цалуйце
Хоць Марыі Святой, хоць Хрысту.
Мо яны пашкадуюць, даруйце…

Анцік скончыў чытаць. Усе з цікаўнасцю дзяцей сачылі за тым, што будзе далей.

– Ну як? – чытальнік звярнуўся да Андруся.

Юнак захоплена ўсклікнуў:

– Якая моц!

– Вядома ж, моц! Болей чытаць трэба. Анатоль Сыс. У вас там, у школцы, сучасная беларуская літаратура Нілам Гілевічам, пэўна, заканчваецца. А ўжо і нашае пакаленне паспела састарэць, – сеў і выпіў чарку. – Ну а па шчырасці, дык вось што я маю. Ён ужо не выйшаў на «сцэну», застаўся сядзець і, гледзячы некуды скрозь стол, скрозь пакой, скрозь прастору, ціха пачаў чытаць:

– Уплятаючы ружы ў вершы,
Я памятаю каханне Пятраркі.
Аднаўляю сэнс праз пераклад.
Намацваю пачуццё праз час.
Бы археолаг, танюткім пэндзлем
Змятаю адвечны пясок занядбання.
Ды не, я – мастак.
Пад маімі адчувальнымі пальцамі
Праступае партрэт Лауры,
Яснеюць яе вочы ад майго дыхання…

Па закурэлым пакоі бы прашапацеў лёгкі ветрык. Аднак Анцік сам парушыў сабой жа створаны крохкі кавалачак космасу. Ён зноўку наліў і гучна пракаўтнуў змесціва кілішка. Ягоны позірк ужо быў няўцямны.

– Чаго я ніколі не мог зразумець, дык таго, наколькі твае вершы не стасуюцца з тваімі паводзінамі… – пачаў было Вінусь.