Зграя - страница 16
– Дзед, атрымліваецца, ваўкі лепшыя за людзей? І жывецца ім лепш?
– Не ведаю, унучак. Я ж ніколі сярод ваўкоў не жыў.
– А што б яны зрабілі з такім, як я… “непажаданым”?
– “Непажаданым”… Маці навучыла так казаць? У шэрых няма чужых ці сваіх ваўчанят. Калі ты нарадзіўся ў зграі, то ўся зграя – твая сям’я. Ніхто не будзе шукаць – хто твой бацька, а хто маці. У ваўкоў усё проста – калі ты са зграяй, цябе будуць любіць.
Ваня працягваў заставацца пастушком і трываць здзекі аднавяскоўцаў. Аднак, з таго дня ён не звяртаў на гэта ўвагі, бо стаў уяўляць на месцы аднавяскоўцаў ваўкоў. Сядзе ў траве, трымае драўляныя пласціны ў руках і думае: “А што б было, калі б замест людзей паўсюль жылі ваўкі? Якія б законы ў іх былі? Як бы яны размаўлялі?”. І сам адказваў на гэтыя пытанні. Так, павольна, у галаве хлопчыка ствараўся ваўчыны свет. Насамрэч, ваўкі Вані мала паходзілі на сапраўдных, жывых ваўкоў. Уяўленне хлопчыка пра іх было складзена з фантазій і аповедаў дзеда.
Хутка ў Івана з’явіўся і лепшы сябар – Антоній, мясцовы дурань, над якім смяялася ўся вёска. А любімае захапленне старасты вёскі –падпальваць адзежу Антонія і глядзець, як той дурасліва бегае і збівае агонь рукамі. Увесь час дурань пасміхаўся, нават калі яго білі.
Аднаго разу Антоній прыйшоў на поле, дзе пасвіліся авечкі, і сеў каля Івана. Той пабачыў ваўка і ляснуў пласцінкамі. Дурны спужаўся і хацеў збегчы, ды хлопчыку стала сорамна. Ён спыніў яго, пасадзіў каля сябе і расказаў гісторыю пра ваўкоў. І тады Антоній стаў прыходзіць кожны дзень і слухаць аповеды хлопчыка.
Чым старэйшы рабіўся Іван, тым больш часу праводзіў не ў вясковай рэальнасці, а ў сваім уяўленні. Не, ён не здурнеў, проста паверыў сам, што ваўчыны свет існуе і туды можна збегчы. Таксама ў гэта верыў і Антоній, які ўсё слухаў і запамінаў.
Калі Івану споўнілася сямнаццаць, пачалася вайна, на якой ён і загінуў. Але свет ваўкоў застаўся жыць у галаве Антонія. Дурань мог дакладна ўспомніць кожную гісторыю Івана нават праз дваццаць гадоў пасля смерці свайго сябра.
Адной ноччу яму прысніўся ваўчыны сон. Усё адбывалася ў свеце, які стварыў Іван. Толькі гісторыі былі іншымі, новымі. І яны так захапілі старога Антонія, што ён імі вырашыў падзяліцца.
Так Іван стаў стваральнікам сусвету Ваўкоў, а Антоній – першым апавядальнікам.
***
– Ну, як табе казка пра хлопца, дурня і ваўкоў? Не, лепш назваць яе “Гісторыя стваральніка сусветаў”.
– Гэта праўда?
– Напэўна.
– Як гэта – “напэўна”? Ты што, усё выдумаў?
– Не. Я ж кажу: з дзяцінства бачыў сны. Нешта запомніў, дэталі дадумаў, частку выдумаў.
– А сам ты верыш у тое, што расказаў?
– Чаму б і не? Нашы думкі ствараюць сусветы, калі мы сапраўды паверым у свае фантазіі. Пра астатняе даведаемся заўтра.
– Дзе?
– Не дзе, а ў каго. Тройца прыйдзе ў госці.
– Што? Яны знайшлі твой дом?
Філіп пасміхнуўся.
– Ты не зразумеў? Ад іх немагчыма схавацца. Яны заўсёды ведаюць, дзе ты. Нават схавайся ты пад зямлёй у цынкавым бункеры, гэтыя лёгка да цябе прыйдуць. Таму я не стаў чакаць, а сам іх запрасіў.
– Яны прыйдуць сюды… Ты казаў, у цябе ёсць дубальтоўка…
– Не, зброю ты не атрымаеш. Аднаго, можа, і паспееш забіць, а астатнія збягуць і лёгка зарэжуць у сне цябе ці тваіх родных. Трэба быць асцярожным з тым, што не да канца разумееш. Абяцай, што не ўтворыш глупстваў заўтра.
– Буду старацца.
– Гэтага недастаткова. У мяне з імі дамоўленасць – яны не чыняць шкоды людзям і дамаўляюцца з апавядальнікамі. Да твайго з’яўлення ўсё было добра. А цябе ад пачатку моцна прэсавалі, ды яшчэ забойства… Трэба зразумець, што здарылася. Таму абяцай, што калі яны прыйдуць, ты будзеш сядзець і слухаць нашу размову моўчкі. Іначай сустрэчы не будзе. У мяне таксама ёсць сябры і родныя. Не хачу, каб іх жыццю нешта пагражала.