Знатныя гісторыі: эліта Гродна ў перыяд XVI—XVIII стагоддзяў - страница 9



Заліты слязьмі Весяліні выйшаў да сенатараў і павёў іх да ўжо нябожчыка караля. Ён неадкладна аддаў ім ключы ад скарбніцы і ўсё, што ў яго было з сабой. Тут сказаў Бучэла:

– Калі панства думаюць, што смерць караля павінна быць утоена на карысць грамадства, гэта можна зрабіць лёгка.

– Мы пракансультуемся, з гэтай нагоды, з сенатарамі, – адказалі яны, – але казаць пра гэта пакуль не варта.

Калі надышла ноч, паслалі за падскарбіямі, каб тыя таемна прыйшлі ў замак. Яны неадкладна запячаталі скарбніцу і пакоі, дзе знаходзіліся каралеўскія рэчы, і ўсю ноч неслі вахту, з двума падкаморыямi і двума дактарамі, у цела караля.

Раніцай вестка аб каралеўскай смерці разнеслася па Гродне. Паны радныя, дваране, гараджане, са слязамі накіраваліся да замка.

У тую ноч Сімоніус выслаў жонку з горада з грашыма і маёмасцю.

На наступную раніцу, па загадзе сенатараў, цела ўскрылі, калі яно ўжо пачынала пухнуць. Прысутнічалі Бучэла, Сімоніус, Гослас (Мабыць, лекар Гаслаўскi. Прым. Я.А.) хірург, медык і іншыя.

Сімоніус абвясціў, што ўсе знойдзеныя ворганы здаровыя, за выключэннем дробных каменьчыкаў у мачавым пузыры, і што ён напоўнены не жоўцю, а чыстай вадой.

Гэта сумная прыгода, якую нельга да канца аплакаць, і я пасылаю яе Пану са шчырай праўдай апісанай. Я нічога не пакідаю сабе. Я вырашыў, што як толькі належнае мне атрымаю, так і паспяшаюся да Яснавяльможнага Пана, жадаючы, каб Яснавяльможны Пан і адукаваны князь доўгія шчаслівыя гады жыў.

Дадзена ў Гродне 19 снежня 1586 г. Ежы Х'якор».


Баторый памёр 12 снежня 1586 года, у сваім гродзенскім замку, у пакоі, які знаходзіцца ў паўднёвай частцы палаца. Каралю было ўсяго 53 гады.

Варта адзначыць, што паведамленні аб дэталях апошніх дзён караля дастаткова значна адрозніваюцца ў розных дакументах.

У ананімным апісанні «Смерць Стэфана польскага караля ў Гродне 12 снежня 1586 года», аўтарам якога лічаць каралеўскага лекара Гаслаўскага, ёсць адрозненні ад прыведзенага апісання, да прыкладу, акрамя вiна i вады манарх п'е яшчэ і гарэлку з карыцай, ды прымае бабровы струмень.

Аднак няма сумневаў, што лекары Баторыя спрачаліся пра яго лячэнне, і разумнасць ўжывання віна, выкарыстоўвалі расціранні і розныя лекi, эфектыўнасць якіх, зразумела, не магла быць высокай, бо наўрад цi караля магло выратаваць ласінае капыта або бабровы струмень.

Баторый памёр падчас аднаго з прыступаў са стратай прытомнасці. Бучэла казаў, што падобныя прыпадкі адбываліся з будучым каралём яшчэ на радзіме.

Менавіта ў мекванным пасланні Гаслаўскага паведамляецца аб незвычайных нырках караля, якія нагадваюць ныркi вала. Акрамя таго, у жоўцевым пузыры быў вялікі камень.

Але праблемны адток жоўці, зразумела, не мог забіць Баторыя. Што ж стала прычынай смерці гэтага манарха?

Інтрыгі ў гэтую сітуацыю дадае ліст вядомага еўрапейскага «чарнакніжніка» Леанарда Турнэйсера. Гэты чараўнік, які займаўся лекаваннем, пісаў Баторыю з Берліна, у 1578 годзе:

«Я атрымаў ліст Вашай Каралеўскай Вялікасці праз пана Баяноўскага са Львова 21 траўня да мяне напісаны. Я пасылаю Вашай Каралеўскай Вялікасці пэўнае проціяддзе (antydotum), гэта значыць Alexipharmacum супраць усякай атруты, прыстасаванае да натуры і камплекцыі Вашай Каралеўскага Вялікасці. Бальзам гэты я з немалой працай зрабіў, у адпаведнасці з правіламі кабалістыкі і натуральнай магіі, таму што людская злосць зараз да такой ступені дайшла, што асцярожным варта быць не толькі ў ежы і пітве, але нават і ў адзенні, мыцці і дотыку, таму што здрада можа быць утоена ў самых розных рэчах: століках і лавах, iх калі хто кране або пераступіць – можа памерці. Пры гэтым вынік часам праз 15, а нават і 30 дзён прыходзіць, а яд праз мускулы, нервы і жылы пранікае ў сэрца. Таму гэтага каштоўнага бальзаму, які моцна ўмацоўвае здароўе і ахоўвае ад яду, я пасылаю Яго Каралеўскай Вялікасці чатыры порцыі. Іх я, паводле звычаяў каралеўскага двара, пакаштаваў у прысутнасці пана Баяноўскага, і ён за мной тое самае зрабіў».