Адраджэнне пасярод крызісу. Святая літургія, традыцыйная Імша і аднаўленне Касцёла - страница 24



Традыцыйная літургія з’яўляецца скарбніцай сімвалаў, значэнне якіх можа ўхапіць душа, якая не спіць. Сапраўдная літургічная рэформа дапамагала б людзям абудзіцца і пастаянна чуваць, а не спрашчала б рэчы настолькі, што людзям можна было б і не абуджацца. Словы і дзеянні не павінны станавіцца аўтаномнай функцыяй альбо рысай, якая адцягвае ўвагу тых, хто моліцца, ад таямніцы, якая здзяйсняецца на алтары; яны павінны быць празрыстыя для боскіх правобразаў, дазваляючы ім заззяць праз тэкст, спеў, жэст, убранне і – так – адсутнасць словаў і спеву. Літургія павінна быць акном, праз якое dum medio silentium, пасярод вялікай цішыні зімовай ночы, калі нарадзіўся Хрыстус, ззяе святло боскіх рэчаў; яна павінна быць люстэркам, у якім з містычнай праўдападобнасцю, што праслаўляе свой Узор, адлюстроўваюцца жыццё і смерць Хрыста. Калі падчас Імшы будзе гучаць размова ці спеў, яны павінны быць рытуальна абмежаваныя і цалкам сфакусаваныя на таямніцы, як гэта мае месца ва ўсходняй літургіі з яе паўторамі і нарастаючымі хвалямі малітвы альбо ў заходняй урачыстай спяванай Імшы, калі грыгарыянскі спеў і велічныя цырымоніі аб’ядноўваюцца, каб вывесці пабожную душу па-за час, па-за месца, у самае Сэрца Хрыста, вечнага Настаўніка. Што сапраўды не спрыяе нашаму прасвятленню ў Хрысце, дык гэта простае памнажэнне словаў, як быццам бы большай колькасцю словаў мы можам перадаць большую колькасць праўды. Наадварот, як суха заўважае св. Тамаш, «бясконцая колькасць людскіх словаў не можа здавальняючым чынам асягнуць аднаго Божага Слова»41. Мы наблізімся да праўды, калі адкінем свае імправізацыйныя прэтэнзіі і аддадзім сябе на службу Пану, з пашанай рэцытуючы святыя словы хрысціянскай Традыцыі, дазваляючы ім весці нас у невыказную таямніцу, якая іх спарадзіла.

Гэтая тамістычная здагадка адлюстравана ў сцвярджэнні Людвіга Вітгенштэйна: «Калі вы не будзеце спрабаваць вымавіць невымоўнае, то нічога не будзе страчана. Аднак невымоўнае будзе – невымоўным чынам – абмежавана тым, што было вымаўлена»42. Як кажа Кэтрын Піксток, традыцыйная літургія, са сваімі паўторамі, пропускамі, шматслойнымі сэнсамі, накладаннем прыватнага і публічнага, складанымі цырымоніямі, здольная азначаць і перадаваць нашмат больш, чым літургія, укладзеная і сфабрыкаваная камісіяй «экспертаў», рашуча нацэленых на празрысты, упарадкаваны і «рацыянальны» прадукт. Класічны абрад можа вымавіць невымоўнае, таму што ён не пераймаецца вербалізацыяй і ўдзелам: хутчэй ён настойліва засяроджаны на таямніцы, а так, безумоўна, можна знайсці правільныя словы і правільны спосаб удзелу. Таму гэты абрад ведае, калі трэба казаць, калі спяваць, калі шаптаць, калі званіць у званы альбо калі бразгаць ланцужкамі кадзільніцы – а таксама калі захоўваць цішыню.

Адно Слова ў дзвюх кнігах

Згодна з меркаваннем сярэднявечных тэолагаў, Бог напісаў дзве кнігі: Кнігу Прыроды і Кнігу Пісання. Першым аб’яўленнем Бога з’яўляецца стварэнне; гэта Слова, прамоўленае да кожнай істоты, і кожная істота ўдзельнічае ў гэтым Слове. Мы не змаглі б зразумець словаў Пісання, калі б Бог найперш не стварыў рэчы, пра якія і пры дапамозе якіх Ён сам змог бы размаўляць з намі. Годнасць класічнай філасофіі заключаецца ў яскравым сведчанні яе найвялікшых настаўнікаў – Сакрата, Платона, Арыстоцеля, Плаціна – пра сэнсоўнасць гэтага свету, гэтага космасу, праз сузіранне якога мы можам зазірнуць у боскую аснову ўсёй рэальнасці: у простую Прысутнасць усёй прыгажосці, дабраты і праўды, сканцэнтраваную ў Крыніцы ўсяго. Гэтая сэнсоўнасць адлюстроўваецца ў сэнсоўнасці словаў, мовы