Адраджэнне пасярод крызісу. Святая літургія, традыцыйная Імша і аднаўленне Касцёла - страница 26
У старой структуры прэзбітэрыя ўсё скіроўвае вочы і душу да велічнага Божага алтара, дзе адраджаецца нашая маладосць, дзе Леў Юды пасярод рыку цішыні сходзіць у зіхаценні нябачнага святла. Там, у пустым і ціхім прэзбітэрыі, знаходзіцца сімвал душы, якая прагне Бога, душы, якой не хапае яе завершанасці і якая ведае, дзе яе знайсці. У гэтай прасторы сама прастора з’яўляецца домам для бяздомнага Бога, Які прабывае паўсюль і нідзе, Які прабывае ў недасяжным святле. Больш за тое, сам святар, які стаіць пры алтары, гэты маленькі святар з рукамі, узнесенымі ва ўрачыста прыцішанай малітве ахвяравання, паглынаецца пустой прасторай і цішынёй і сімвалізуе бясконцую драбніцу, можна нават сказаць, нішто, але ў той самы час – бясконцую годнасць і непараўнальную славу чалавека, уключанага ў Містычнае Цела Хрыста, які прыносіць тую самую ахвяру Езуса Хрыста («per ipsum, et cum ipso, et in ipso…») – ён сапраўдны ўдзельнік касмічнай літургіі, дзе зямля і неба яднаюцца ў асобе Езуса Хрыста, Вечнага Першасвятара. Гэты недастойны чалавек, пасвячаны, каб пасрэднічаць у якасці жывога сімвала адзінага Пасрэдніка, стаіць там, на перасячэнні ўсіх анталагічных восей. На хвіліну ён становіцца цэнтральнай кропкай космасу, імітацыяй Хрыста – Слова, у Якім усё жыве, рухаецца і існуе.
Такім чынам, традыцыйная літургія прадстаўляе святара як сапраўдны сакрамэнтальны вобраз Богачалавека; ён стаіць там, каля ўсеабдымнай апсіды святыні, у шырокай прасторы прэзбітэрыя, нібы ахоплены сваім убраннем, алтаром, прыгажосцю Божага дома, аднак менавіта ў ім, у гэтым асобным чалавеку, унікальным, са сваімі асаблівасцямі, яднаецца боскае і людское, гэта ён стаіць з Езусам і Ягонай моцай здзяйсняе ахвяру, якая асвячае свет. Касмічная літургія Імшы адначасова прадстаўляе нязначнасць і несмяротную веліч асобы, якая стаіць перад Богам – Богам, Які знаходзіцца нязмерна далёка і невымоўна блізка, Богам, Які з’яўляецца цалкам Іншым і цалкам маім, трансцэндэнтным у сваёй іманентнасці і іманентным у сваёй трансцэндэнтнасці. Паглядзі на святара: ён адвярнуўся плячыма, ягоны твар, ягоныя рукі, ягонае сэрца засяроджаны на таямніцы веры; ён знікае, каб яго замяніў Хрыстус; ён знікае, але ён больш чым калі падобны да сябе. Нягледзячы на сваю мізэрнасць – мізэрнасць дзіцяці, якое не можа размаўляць, якое не можа выказаць тое, што хоча выказаць, а толькі імітуе словы, якія былі яму дадзены, прымаючы іх без усялякага выбару, без свабоды «арыгінальнасці» – ён з’яўляецца тым самым пасрэднікам і тым асяроддзем, праз якое Пан дзейнічае, каб яднаць, асвячаць і збіраць усе рэчы ў сабе, і ўсё ж ён з’яўляецца «арыгіналам», бо ён знаходзіцца пры той крыніцы, з якой паходзіць космас – паходзіць непараўнальна больш велічным чынам, чым нейкая мастацкая праца паходзіць з мастака, чым усе працы людзей ва ўсе часы. Паглядзі на яго: у гэтым выбліску полымя яднаюцца і пераплятаюць свае галасы неба з яго святасцю і зямля са сваёй слабасцю! Гэтым спосабам касмічная літургія пастаянна захоўваецца і ўдасканальваецца, хоць у той самы час яна ўжо цалкам скончылася і больш нічога да сябе не дапускае. Сюды няможна нічога дадаць, нішто тут гучна сімвалізуюць цішыня і пустая прастора прэзбітэрыя – аднак тут можна набыць ўсё, набыць гэты дар, які пераўзыходзіць усе дары, бо гэта Той, Хто іх дае. Усё гэта, як і належыць, ціха паказваецца ў цішыні і пустой прасторы, таму што любы гук, любая выява была б паганствам і не здолела б выказаць нават аднаго складу, не кажучы ўжо пра ўсё слова ці яго значэнне. А ў ціхім і ў пустым да нас прыходзіць Слова, якое з’яўляецца музыкай Айца, Слова,