Адраджэнне пасярод крызісу. Святая літургія, традыцыйная Імша і аднаўленне Касцёла - страница 25
Калі гэта так, то «літургія Слова» ў рэфармаванай Імшы атрымала няўдалую назву. «Божае Слова» – гэта найперш і перадусім спрадвечнае Божае Слова, сапраўдны Сын і дасканалы Вобраз Айца. Таму выраз «літургія Слова» павінен прымяняцца найперш да Эўхарыстыі, да Слова, якое сталася Целам дзеля нашага збаўлення, а толькі потым да боганатхнёных думак, якія знаходзяць свой лексічны выраз у Святым Пісанні. Божае Слова – гэта Езус Хрыстус, а не кніга – нават не кніга, якая не мае і не дапускае памылак, таму што кніга, якою б мудрай і праўдзівай яна ні была, з’яўляецца нежывым прадметам, але асоба – жывая, а боская Асоба дае жыццё ўсяму стварэнню, якое Ёй служыць. Мэтай абвяшчэння Пісання падчас Імшы з’яўляецца падрыхтоўка ўдзельнікаў да яднання са Словам, крыніцай напісанага слова і вечным значэннем як Кнігі Пісання, так і Кнігі Прыроды. Літургія нібы піша ў душы чалавека, зноў ствараючы душу на ўзор сапраўднага Слова, якое не ведала перашкодаў, але было размыта «няправільнай інтэрпрэтацыяй» – грахом, памылкай, няведаннем, халоднасцю. Традыцыйнае дзяленне на Імшу катэхумэнаў і Імшу вернікаў паказвае ўнутраныя суадносіны паміж часткамі Імшы, дзе першая частка прадстаўляе душу ў працэсе навяртання да Хрыста, калі яна слухае Ягоныя словы пакуль што звонку, тады як другая частка прадстаўляе вучня Хрыста, напоўненнага Ягоным святлом і жыццём, які прысутнічае на святкаванні Слова, дазваляючы Яму пранікнуць цела і душу наскрозь. Новае ж дзяленне не толькі не паказвае гэтага парадку, але і зацямняе яго.
Прэзбітэрый для душы
Шмат гадоў таму на традыцыйнай Імшы ў «неадрэстаўраванай» капліцы ў аўстрыйскім Штайры я ўпершыню зразумеў, наколькі важным і істотным было тое, што раней у прэзбітэрыях касцёлаў не было мэбліроўкі. Гэта была вялікая свабодная прастора паміж камунійнай балюстрадай і алтаром, прастора, у якой святар і прыслугоўваючыя маглі свабодна рухацца, выконваючы свой «сакральны танец», як называў яго мансіньёр Роберт Х’ю Бэнсан44. Гэтая адкрытая прастора падкрэслівае маштаб таямніцы, не аддаляючы яе на пэўную адлегласць, а даючы ёй належную плошчу, каб яна магла, так бы мовіць, сысці ў нашае нутро. Пэўны ўрачысты характар можна бачыць у самой адсутнасці прадметаў, таму што адсутнасць вельмі моцна сімвалізуе Божую Прысутнасць, як гэта было ў выпадку залатой накрыўкі для каўчэга запавету. Калі ў гэтую прастору ўнесці стол, а з ім крэслы, падстаўкі, кафедры, яна раптоўна паменшыцца да людскіх прапорцый і станецца нібы святым офісам, у якім робяць літургічны бізнэс. Нават у самых велічных катэдральных касцёлах мінулых стагоддзяў з іх прадуманымі прэзбітэрыямі, штукарскімі табернакулюмамі і прыгожай аздобай усё ж была шырокая свабодная прастора ў цэнтры, дзе мела праходзіць літургічная дзейнасць, якая яшчэ больш падкрэслівалася багатым асяроддзем. У многіх новых і адрэстаўраваных касцёлах знікла тая чакаючая пустата бэтлеемскай стайні, пустата ранаў сэрца Марыі, пустата лагічнага разумення ў галаве Юзафа, пустата свету, які сустракае свайго доўгачаканага Збаўцу. Гэтая змястоўная і прыгожа дэкараваная пустата знікла, а замест яе з’явілася бязладзіца.