Апавяданьні паштовых марак пра Вялікае Княства - страница 7




Рагнеда – князёўна Полацкая. Марка пошты Беларусі, выдадзеная ў 1993


І тут заявіліся сваты з Ноўгараду ад Уладзіміра. Вось што апавядае пра гэта летапіс: «Запытаўся ў дачкі Рагвалод: «Ці хочаш за Ўладзіміра?» Яна ж адказала: «Не хачу разуці рабыніча, а Яраполка хачу». «Не хачу разуці» – бо існаваў звычай, што маладая жонка перад першай шлюбнаю ноччу здымала з мужавых ног абутак. Аднак тут не проста адмова, але і зьнявага, бо Полацкая князёўна гучна абвясьціла: жаніх – сын рабыні, а такі бязродны ёй не трэба. Гэта паслужыла падставай для варварскага нападу войскаў Уладзіміра на Полацк, разбурэньня горада, забойства княжацкай сям’і Рагвалодаў, згвалтаваньня і паланеньня Рагнеды, якая ў выніку мусіла стаць жонкай Уладзіміра, Наўгародзкага, а потым Кіеўскага князя.


Князь Уладзімір Вялікі. Блёк пошты Украіны, выдадзены ў 2000


У 2000 годзе Белпошта выпусьціла сэрыю «Беларускі балет», аформленую мастаком Андрэем Гапіенка, якая складаецца з маркі і паштовага блёка. На блёку намаляваная сцэна з балету «Страсьці» («Рагнеда») Андрэя Мдывані, выкананая па фатаграфіі, на якой адлюстраваны акцёры Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатру оперы і балету Рэспублікі Беларусь.


Страсьці Рагнеды. Беларускі балет. Блёк пошты Беларусі, выдадзены ў 2000


Рагнеда нарадзіла ад Уладзіміра сыноў Ізяслава, Яраслава (яго потым назавуць Мудрым), Мсьціслава і дачок Прадславу і Праміславу. «Аднаго разу, – сьведчыць летапіс, – калі Ўладзімір прыйшоў да яе і заснуў, яна наважылася зарэзаць яго. І надарылася яму ў тую хвілю прачнуцца, і схапіў ён яе за руку. І сказала яна з жалем: „Ты бацьку майго забіў і зямлю ягоную паланіў дзеля мяне, а цяпер не любіш мяне з гэтым дзіцем“. І загадаў ёй прыбрацца па-царску, як перад шлюбам, і сесьці ў хораме на белым ложы, а ён прыйдзе і заб'е яе. Яна па словах мужавых і зрабіла. І дала ў рукі сыну свайму Ізяславу аголены меч і навучыла: „Як зойдзе твой бацька, скажы яму: не думай, што ты адзін тут“. І ўчыніў так Ізяслаў. Уладзімір жа прамовіў: „А хто ведаў, што ты тут“. І апусьціў ён меч і, склікаўшы баяраў, расказаў ім усё. Яны ж парадзілі: „Не забівай яе дзеля гэтага дзіцяці, а аднаві яе бацькаўшчыну і дай ёй з сынам сваім“. І пабудаваў Уладзімір горад, аддаў яго ім і назваў горад гэты Ізяслаўлем. І з таго часу ўзьнімаюць меч Рагвалодавы ўнукі супраць унукаў Яраслававых».

На марцы, прысьвечанай Заслаўю, у левым ніжнім куце адлюстраваны помнік Ізяславу і Рагнедзе. Маленькі Ізяслаў мужна бароніць маці ад разьюшанага Ўладзіміра, засланяючы яе сабой.


Заслаўе. Марка пошты Беларусі, выдадзеная ў 2014


Марка насычана інфармацыяй. Фон левай часткі – гэта мініяцюры Радзівілаўскага летапісу: замах Рагнеды на Вялікага князя Кіеўскага Уладзіміра і Уладзімір хоча пакараць Рагнеду, але на яе абарону паўстае Ізяслаў. Фон правай часткі – старажытнае гарадзішча «Замэчак» з памятным крыжам. Паверх фонаў знаходзяцца відарысы: помнік Ізяславу і Рагнедзе, касьцёл Найсьвяцейшай Дзевы Марыі, Герб Заслаўя, Кальвінскі Збор і руіны Замкавай брамы з шыльдай.

Прамень хрысьціянства

Ізяслаў (980—1001), не гледзячы на кароткае жыцьцё, вельмі многа зрабіў для Полаччыны. Менавіта яго летапісцы называюць кніжнікам, бо ён увёў у Полацку пісьменства і навучаньне грамаце. Пячатка з ягоным імем лічыцца сама даўнім помнікам беларускага пісьменства і другім па часе ва ўсіх усходніх Славянаў. Пачынаючы зь яго, усе нашчадкі Рагвалода нязьменна называлі сябе Рагвалодавічамі. У 992 князь Ізяслаў заснаваў у Полацку эпархію (вялікую царкоўную акругу), чым засьведчыў самастойнасьць Полацкага княства. Рагнеда і Ізяслаў сталі першымі хрысьціянамі ў Полацкім княстве. З часам Рагнеда вырашыла прысьвяціць сябе Хрысту і стала першаю на ўсходнеславянскіх землях манашкаю, прыняўшы імя Анастасіі.