Апавяданьні паштовых марак пра Вялікае Княства - страница 9




На паштовым блёку Рэспублікі Беларусь на левай марцы адлюстраваны сучасны выгляд Полацкай Сафіі. На полі блёку зьлева выгляд Полацкай Сафіі ў часы Усяслава Чарадзея; каменны абразок 12 стагодзьдзя з Сьвятымі Канстанцінам і Аленай, знойдзены археолягамі ў Полацку; плян Полацкай Сафіі.


Архітэктура Беларусі. Праваслаўныя храмы. У абарачэньні з 22 лютага 2012


Белпошта зьдзейсьніла некалькі выданьняў паштовых марак з выяваю Полацкай Сафіі. У тым ліку маляўнічы блёк, выдадзены ў 2016.


Сафійскі Сабор у Полацку. Блёк пошты Беларусі, выдадзены ў 2016


У 1065 мірнае жыцьцё закончылася. Князь з дружынаю зьдзейсьніў паходы на Пскоў і Ноўгарад, вёў шматлікія бітвы з Кіеўскім княствам. 3 сакавіка 1067 адбылася Бітва на Нямізе, адна з самых крывавых у нашай старажытнасьці. З гэтым зьвязана першае ўпамінаньне пра Менск, як пра горад Полацкага княства. Летапісны збор «Русь» і «Аповесьць мінулых гадоў» апавядаюць пра разгром горада падчас ваеннага паходу трох Кіеўскіх князёў Яраславічаў на землі Полацкага князя Усяслава і пра Бітву на рацэ Нямізе паміж Кіеўскімі і Полацкімі дружынамі.

3 сакавіка 2017 года Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь выпусьціла ў абарачэньне паштовы блёк «950 гадоў з часу першага пісьмовага ўпамінаньня Менску». У аснове маркі – мініяцюра Радзівілаўскага летапісу «Бітва на рацэ Нямізе». У аснове спэцштэмпэля – пячатка першага Менскага князя Глеба Усяславіча.

Нямігская бітва глыбока ўразіла не толькі сваіх суайчыньнікаў. Рэха яе праз 120 гадоў адбілася ў «Слове пра паход Ігараў» вобразам жудаснай крывавай малацьбы:

«На Нямізе голавы сьцелюць снапамі,
харалужнымі малоцяць цапамі,
жыцьцё кладуць на таку зьлюцела,
веюць галаву ад цела.
Нямігі крывавыя берагі
не збожжам былі засеяны зноў —
засеяны косьцьмі рускіх сыноў» (Пераклад Рыгора Барадуліна).

950 гадоў з часу першага пісьмовага ўпамінаньня Менску. Блёк пошты Беларусі, выдадзены ў 2017


Ілюстрацыяй да радкоў з «Слова пра паход Ігараў» добра адпавядае карціна Міхася Філіповіча «Бітва на Нямізе».


Бітва на Нямізе (1922). Міхась Філіповіч (1920—29). Нацыянальны мастацкі музэй Рэспублікі Беларусь. Марка пошты Беларусі, выдадзеная ў 2002


Вераломна захоплены ў палон Усяслаў Чарадзей цудоўным чынам становіцца на чале Кіеўскага княства, але пакідае высокую пасаду і вяртаецца ў родны Полацк. Але і ў родным Полацку спакою князь не знайшоў. У тым жа годзе Ізяслаў прымусіў яго зьбегчы з гораду. Толькі ў 1071 вярнуў ён сваё княжаньне ў Полацку і зноў стаў гаспадаром Полаччыны. Кіеўскія князі не пакідалі і далей Усяслава Чарадзея ў спакоі, але сіл вярнуць Полацкія землі ў іх не хапала, а Усяслаў на Кіеўскі прастол не прэтэндаваў. Да самай сьмерці ўладарыў ён у родным княстве. Дзякуючы вайсковаму майстэрству і мудраму кіраўніцтву Ўсяслава з 1084 да самай яго сьмерці (1101) Полацкае княства існавала бяз войнаў. Доўгае, больш чым паўвекавое, валадарства гэтага князя было пэрыядам эканамічнага і палітычнага росквіту Полацкіх зямель. Акрамя сталіцы Полацкая зямля налічвала паўтара дзясятка гарадоў: Віцебск, Менск, Орша, Заслаўе, Барысаў… Улада Усяслава і яго наступнікаў, а ён пакінуў пасьля сябе 6 сыноў, пашырылася ад Ніжняга Падзьвіньня да Балтыйскага мора.

У сярэднявечнай гісторыі Ўсходняй Эўропы цяжка адшукаць больш велічную, загадкавую і таямнічую постаць, чым Полацкі князь Усяслаў Брачыславіч. Таму дата яго сьмерці зафіксавана ў «Слове (Песьні) пра паход Ігаравы»: