Біблейскія гісторыі Старога Запавету, ілюстраваныя паштовымі маркамі. Знаёмства са зьместам Бібліі і яго адлюстраваньнем у мастацтве - страница 20



Прайшоўшы прыблізна 1700 кілямэтраў караван Абрама вайшоў у зямлю Ханаанскую да Сіхему (Наблус), да дубровы Марэ. «І явіўся Гасподзь Абраму і сказаў: нашчадкам тваім аддам Я зямлю гэтую. І паставіў там ахвярнік Госпаду, Які явіўся яму» (Быцьцё 12:7).

Шлях Абрама з Сіхему на поўдзень пралягаў па горнай мясцовасьці, вядомай яшчэ, як Дарога Патрыярхаў.


Сіхем (Наблус). Гравюра Луі Хаге па карціне Дэвіда Робертса зь яго падарожжа ў 1839 г. Марка пошты Палестыны, выдадзеная ў 2002 годзе


Абрам разбіў свой шацёр на ўзгорку паміж Вэтылем і Гаем, пабудаваў там ахвярнік і заклікаў імя Госпада. Затым ён пайшоў далей на поўдзень міма Хэўрона ў вобласць Негеў, што азначае «паўднёвая» і «сухая».


Пустыня Негеў. Маркі пошты Ізраілю, выдадзеныя ў 1988 годзе


У беларускім перакладзе Бібліі няма назвы Негеў. Але параўнаем адпаведныя вершы з беларускага і польскага перакладу.

«І падаўся Абрам далей і пайшоў на поўдзень» (Быцьцё 12:9).

«Zwinąwszy namioty, Abram wędrował z miejsca na miejsce w stronę Negebu» (Rdz 12.9).

У беларускім перакладзе назва пустані Негеў падаецца як «поўдзень» – напрамак руху, а ў польскім, як геаграфічная назва. Сапраўды, Абрам рухаўся на поўдзень да пустыні Негеў. Там Аўраам быў празваны «га-гіўры», што азначала: прыбылы з таго берагу ракі, адкуль і пайшла назва – габрэй. Потым з прычыны голаду Абрагам рушыў у Егіпет.


Сара (1950). Абель Пан (1883 -1963). Картмаксімум пошты Ізраіля, выдадзены ў 1972 родзе


У Бібліі Сара ўпамінаецца як старая кабета, але мастак намаляваў прыгожую маладую дзяўчыну. Напэўна кіраваўся словамі Бібліі: «І было, калі Абрам прыйшоў у Егіпет, Егіпцяне ўбачылі, што яна жанчына даволі прыгожая; убачылі яе і вяльможы фараонавыя і пахвалілі яе фараону; і была яна ўзятая ў дом фараонаў» (Быцьцё 12:14,15). У Егіпце Абрам выдаў Сару за сваю сястру, каб Егіпцяне, убачыўшы прыгажосьць Сары, не забілі яго. Цнатлівастць Сары было захавана Богам праз пакараньне фараона..

Абрам з сямействам, атрымаўшы вялікія дары ад фараона, вярнуўся ў Ханаан. «І быў Абрам вельмі багаты быдлам і срэбрам і золатам» (Быцьцё 13:2). Тут Абрам і яго пляменьнік Лот падзялілі гаспадарку і разышліся: Лот да Садому, а Абрам да Хэўрону.


Хэўрон. Гравюра Луі Хаге па карціне Дэвіда Робертса зь яго падарожжа ў 1839 г. Марка пошты Палестынскай Аўтаноміі, выдадзеная ў 1997 годзе


«…І пасяліўся каля дубровы Мамрэ, што ў Хэўроне; і паставіў там ахвярнік Госпаду» (Быцьцё 13:18).

Сустрэча Абрама і Мелхісэдэка

Бо Мелхісэдэк, цар Саліма, сьвятар Бога Ўсявышняга […] цар праўды, а потым і цар Саліма, што азначае – цар сьвету… (Да Габрэяў 7:1,2)

Пасля вяртаньня Абрама зь Егіпту «Абрам пачаў жыць на зямлі Ханаанскай; а Лот пачаў жыць у гарадах навакольля і раскінуў намёты да Садомы» (Быцьцё 13:12).

Падчас царскіх войнаў пляменьнік Абрама Лот трапіў у палон да цара Кедарлаамэра. «І прыйшоў адзін з ацалелых і паведаміў Абраму Габрэю, які жыў тады каля дубровы Мамрэ, Амарэяніну, брату Эшколу і брату Анэру, якія былі спрымірэнцы Абрамавыя» (Быцьцё 14:13). Тут упершыню ўжываецца ў Бібліі слова «Габрэй». Абрам, даведаўшыся пра гэта, узброіў сваіх рабоў, перамог цара і вярнуў Лота і ўсю яго маёмасьць.


Сустрэча Абрама і Мелхісэдэка. Пітэр Паўль Рубенс (1577—1460). Музэй Рінглінга Сарасота. Марка пошты Рэспублікі Чад, выдадзеная ў 1978 годзе


«Калі ён вяртаўся пасьля паразы Кедарлаамэра і цароў, якія былі зь ім, цар Садомскі выйшаў яму насустрач у даліну Шавэ, што сёньня даліна царская; і Мэлхісэдэк, цар Салімскі, вынес хлеб і віно, – ён быў сьвятар Бога Ўсявышняга, – і дабраславіў яго і сказаў: дабраславёны Абрам ад Бога Ўсявышняга, Уладара неба і зямлі; і дабраславёны Бог Усявышні, Які аддаў ворагаў тваіх у рукі твае. Абрам даў яму дзясятую частку з усяго» (Быцьцё 14:17—20).