Біблейскія гісторыі Старога Запавету, ілюстраваныя паштовымі маркамі. Знаёмства са зьместам Бібліі і яго адлюстраваньнем у мастацтве - страница 22




Агар сыходзіць, уцякае. Уцякае ў пустыню. Яна страшна пакрыўджаная. Яна стамілася, прысела на нейкія камяні. Уся вада выпіта, пусты збан валяецца ў баку. Яна ня ведае, што будзе далей. Але ўсё скончылася шчасна: Анёл Гасподні знайшоў Агар у пустыні, угаварыў яе вярнуцца да Сары.

Першапачаткова лічылася, што карціна адлюстроўвае першую сустрэчу Агар з Анёлам у пустыні, куды тая зьбегла цяжарнай ад прыгнёту Сары. Аднак падчас адной з рэстаўрацыяй быў выдалены пацямнелы пласт лаку ў правай частцы карціны, за якім хаваўся посуд з вадой, – так стала зразумела, што карціна адлюстроўвае больш позьні сюжэт туляньня Агары з сынам па пустыні, калі Анёл ратуе паміраючага ад смагі Ізмаіла, вывеўшы яго з маці да крыніцы.


Зьява анёла Агары (1643). Карэл Фабрыцыус (1622—1654). Марка пошты Нідэрляндаў, выдадзеная ў 2004 годзе


Агар нарадзіла сына, яму далі імя Ізмаіл (Бог чуе) і жыла ў доме Абрама. Праз 13 гадоў зьявіўся Бог Абраму і сказаў: «Я – вось запавет Мой з табою: ты будзеш бацька мноства народаў, і ня будзеш ты болей звацца Абрамам, а будзе табе імя Абрагам, бо Я зраблю цябе бацькам мноства народаў…» (Быцьцё 17:4,5). «І сказаў Бог Абрагаму: Сару, жонку тваю, не называй Сараю, а хай будзе імя ёй: Сарра; Я дабраслаўляю яе і дам табе ад яе сына; дабраслаўляю яе, і пойдуць ад яе народы, і цары народаў пойдуць ад яе. І ўпаў Абрагам на аблічча сваё, і сказаў сам сабе: няўжо ад стогадовага будзе сын? і Сарра, дзевяностагадовая, няўжо народзіць? І сказаў Абрагам Богу: о, хоць бы Ізмаіл быў жывы прад абліччам Тваім! А Бог сказаў: менавіта Сарра, жонка твая, народзіць табе сына, і ты дасі яму імя: Ісаак; і пастанаўлю запавет Мой зь ім запаветам вечным, нашчадкам ягоным пасьля яго. І пра Ізмаіла Я пачуў цябе: вось, Я дабраслаўляю яго, і выгадую яго, і вельмі, вельмі памножу; дванаццаць князёў народзяцца ад яго; і Я выведу ад яго вялікі народ. Але запавет Мой пастанаўлю зь Ісаакам, якога народзіць табе Сарра ў гэты самы час на другі год» (Быцьцё 17:15—21).


Сям’я Абрагама. Ілюстрацыя з Бібліі Нікаласа. Пэрсанальная марка, выдадзеная ў 2014 годзе поштай Ізраілю


І было другое выгнаньне Агары, ужо без вяртаньня ў дом Абрагама. «І ўбачыла Сарра, што сын Агары Егіпцянкі, якога яна нарадзіла Абрагаму, насьміхаецца, і сказала Абрагаму: выгані гэтую рабыню і сына яе, бо ня спадкуе рабынін сын гэты з сынам маім Ісаакам. І здалося гэта Абрагаму даволі няпрыемным дзеля сына ягонага. Але Бог сказаў Абрагаму: не засмучайся за хлопчыка і рабыню тваю; ва ўсім, што скажа табе Сарра, слухайся голасу яе, бо ў Ісааку назавецца табе семя; і ад сына рабынінага Я выведу, бо ён семя тваё. Абрагам устаў з самае раніцы, і ўзяў хлеба і мех вады, і даў Агары, паклаўшы ёй на плечы, і хлопчыка, і адпусьціў яе. Яна пайшла і заблудзілася ў пустыні Вірсавіі; і ня стала вады ў меху, і яна пакінула хлопчыка пад адным кустом і пайшла, села зводдаль, на аддалі аднаго стрэлу з лука. Бо яна сказала: не хачу бачыць сьмерці хлопчыка. І яна села насупраць, і заенчыла, і плакала…» (Быцьцё 21:9—16).


Агар ў пустыні (1870). Георге Татарэску (1820—1894). Нацыянальны мастацкі музэй Румыніі. Марка пошты Румыніі, выдадзеная ў 2015 годзе


«І пачуў Бог голас хлопчыка; і анёл Божы зь неба паклікаў Агар і сказаў ёй: што з табою, Агар? ня бойся; Бог пачуў хлопчыкаў голас адтуль, дзе ён быў» (Быцьцё 21:17).


Анёл, які суправаджае Агар (1732). Дэталь. Джавані Батыста Т'епола (1696—1770). Скуола Сан-Рока, Вэнэцыя. Канверт пошты Італіі, выдадзены ў 1975 годзе