Біблейскія гісторыі Старога Запавету, ілюстраваныя паштовымі маркамі. Знаёмства са зьместам Бібліі і яго адлюстраваньнем у мастацтве - страница 23
Твар прыгожай жанчыны з дзіцём на руках павернуты да Анёла, які зьявіўся, каб іх уратаваць. «Устань, падымі хлопчыка і вазьмі яго за руку, бо Я выведу зь яго вялікі народ. І Бог адкрыў вочы яе, і яна ўбачыла калодзеж з вадою, і пайшла, наліла ў мех вады і напаіла хлопчыка. І Бог быў з хлопчыкам; і ён вырас, і пачаў жыць у пустыні, і зрабіўся лучнікам» (Быцьцё 21:18—20).
Які далейшы лёс Агары і Ізмаіла? Многія юдэйскія аўтары мяркуюць, што праз шмат гадоў пасьля сьмерці Сарры, яна зноў сустракаецца з Абрагамам і становіцца яго жонкай. Цяпер яе імя Хэтура, пахучая. Гэта ўжо зусім іншая жанчына. Яна шукае любові і нараджае Абрагаму яшчэ многа дзяцей. Хэтура прыносіць духмянасьць хатняга агменю, мір і спакой стомленаму жыцьцём Абрагаму.
Магамет называе Ізмаіла Прарокам (Каран, 19, 55). У якасьці Прарока ён валодаў дарам зьдзяйсьняць цуды, дзякуючы чаму і схіліў многіх язычнікаў да пакланеньня Богу. У Ізмаіла было 12 сыноў, з якіх Кедар лічыцца прамым продкам Магамета. У Мецы да гэтага часу існуе сьвяты камень, пад якім, паводле паданьня, пахаваныя Ізмаіл і Агар.
Гасьціннасьць Абрагама
У Старым Запавеце ёсьць аповед пра тое, як у паўдзённую сьпёку дзевяноста дзевяцігадовы Абрагам сядзеў каля свайго намёту пад зелянінай Мамрыйскай дубровы. Раптам ён убачыў трох змучаных падарожнікаў. Гаспадар запрасіў вандроўнікаў адпачыць і падсілкавацца, а жонцы Сарры загадаў напячы хлеба. Сам гаспадар дома абраў лепшае цяля і загадаў закалоць яго і прыгатаваць пачастунак не чакаючы ніякай аплаты. Аказалася, што частаваў Абрагам Самога Бога.
Гэты ўзрушаючы эпізод стаў тэмай блёку пошты Ватыкану, эмітаванаму ў 1990 годзе з нагоды «40-годзьдзя з дня заснаваньня Карытас (міласэрнасьць) Інтэрнацыяналіс». На блёку чатыры маркі з рэпрадукцыямі дэталей старажытнага малярства з Базылікі Маці Божай Большай (Santa Maria Maggiore).
Зьява Абрагаму трох анёлаў і гасьціннасьць Абрагама. Мазаікі з базілікі Санта Марыя Маджорэ (432—440), Рым, Італія. Аўтар невядомы. Блёк пошты Ватыкану, выдадзены ў 1990 годзе
На першай марцы бачым падарожнікаў і Абрагама, які сьпяшаецца ім насустрач. На другой марцы – трое гасьцей. На трэцяй – Абрагам і Сарра рыхтуюць пачастункі. Чацьвёртая марка прысьвечана спажываньню ежы. Бог у вобразе Тройцы стаў зьместам ікон, найбольш знакамітай зь якіх зьяўляецца «Троіца», напісаная Андрэем Рублёвым і вядомая ва ўсім сьвеце. «Троіца» Рублёва напісана на той самы Біблейскі сюжэт з Старога Запавету, па якому да Абрагаму прыйшлі трое Вандроўнікаў-Анёлаў. Найбольш набліжанай датай стварэньня «Троіцы» Андрэя Рублёва называюць 1411 або 1425—27 гады.
Сьвятая Троіца (1411). Ікона. Андрэй Рублёў (1375/80—1428). Дзяржаўная Трацьцякоўская галерэя, Масква. Марка пошты СССР, выдадзеная ў 1991 годзе
Трое Анёлаў, якія ўвасабляюць трыадзінства Бога (Айца, Сына, Сьвятога Духу), сядзяць вакол стала. У своеасаблівым крузе, які яны ўтвараюць, разьмяшчаецца напоўненая чаша. Традыцыйна круг зьяўляўся сымбалям аб'яднаньня. Сьвятая Чаша, вакол якой сядзяць Анёлы, сымбалізуе пакуты Хрыста – унутры сабрана кроў, што капала зь яго ран, калі ён быў укрыжаваны. Сілуэт дрэва можа азначаць Дрэва пазнаньня з саду Эдэма, адначасова з гэтым – дуб, пад якім адпачываў Абрагам. А будынак – царкву альбо ўваход у Абрагамаў дом. Гара ж, разьмешчаная ў правым верхнім куце, становіцца сымбалям Галгофы. Анёлы апранутыя ў простыя адзеньні, за іх сьпінамі – крылы, у руках – тонкія кіі, вакол галоў – сьвецяцца арэолы.