Біблейскія гісторыі Старога Запавету, ілюстраваныя паштовымі маркамі. Знаёмства са зьместам Бібліі і яго адлюстраваньнем у мастацтве - страница 26



«І падняў Абрагам руку сваю і ўзяў нож, каб закалоць сына свайго» (Быцьцё 22:10).


Ахвяраваньне Ісаака Абрагамам. Фрэска Мікелонскай царквы (2002). Івет Дэтшэвэры. Марка пошты Сен-Пер і Міквэлон, выдадзеная ў 2013 годзе


У Бібліі прама сказана, што Бог не плянаваў забіць Ісаака. І адбываецца цуд.


Ахвяраваньне Ісаака Абрагамам (1716). Фэдэріко Бэнковіч (1677—1753). Галярэя Даўніх Майстроў, Загрэб. Марка пошты Югаславіі, выдадзеная ў 1970 годзе


«Але анёл Гасподні заклікаў яго зь неба і сказаў: Абрагаме! Абрагаме! Ён сказаў: вось я. Анёл сказаў: не падымай рукі тваёй на хлопчыка, і не рабі зь ім нічога; бо цяпер Я ведаю, што баішся ты Бога і не пашкадаваў сына твайго, адзінага твайго, дзеля Мяне» (Быцьцё 22:11,12).

Ахвярны Ісаак з звязанымі рукамі ляжыць там, дзе праз хвіліну павінна загарэцца ахвярнае вогнішча. Рука бацькі закрывае адкінуты твар сына. Гэтым перадаецца адчайная рашучасць Абрагама і яго бязьмерны жаль да сына, які не павінен бачыць рукі, яго забіваючай. Абрагам павярнуўся да Анёла, які спыняе руку бацькі, з якой выпадае кінжал.


Ахвярапрынашэньне Ісаака (1635). Рэмбрандт (1606—1669). Эрмітаж, Петраград. Марка пошты СССР, выдадзеная ў 1983 годзе


Аднак Абрагам – гэта не фанатык, які сьлепа падпарадкоўваецца лёсу, а глыбока веруючы чалавек. Ён гранічна шчыры і адкрыты сэрцам да Бога, а яго вочы, зьвернутыя да Анёла, шырока расчыненыя і поўныя даверу. Усявышні не памыліўся ў Абрагаме, і таму мастак малюе Абрагама як чалавека, вернага Боскаму запавету да канца. Ён спакойна выконвае тое, аб чым прасіў Бог. Думаецца, што ў гэтым глыбокі сэнс! Абрагам цалкам аддаўся волі Усявышняга, як і Ісаак цалкам аддаў сябе ў рукі свайго бацькі Абрагама.

Абрагам з нажом у руцэ, узьнятым, каб забіць свайго сына Ісаака ў той момант, калі ўмешваецца Анёл. У Біблійным апавяданьні няма намёку на тое, што Абрагам меў сумневу ў тым, каб не паслухацца або чымсьці палегчыць долю любімага сына. Хіба таму твар Абрагама на карціне Паола Веранэзэ не выпраменьвае ні цені пакуты або болю, наадварот, ён здаецца нават некалькі наіўным у сваёй пакоры і адданасьці Богу.


хвярапрынашэньне Ісаака (1588). Паолё Веранэзэ (1528—1588). Музэй Прада. Блёк Манамы, выдадзены ў 1972 годзе


Пасланьне да Габрэяў так тлумачыць веру Абрагама: «Бо ён думаў, што Бог моцны і зь мёртвых уваскрэсіць, таму і атрымае яго са сьмерці» (Да Габрэяў 11:19). Бяз веры ў уваскрэсеньне немагчыма паслухацца Бога нават у маленькім. Але калі верыць ва ўваскрэсеньне, тады аддаць Богу і жыцьцё няцяжка.

У трактаце на старонцы 17а Вавілонскага Талмуду гаворыцца, што гук шофару – старажытнага інструмэнту з рога – нагадвае пра сілу веры Абрагама, які быў гатовы прынесьці ў ахвяру свайго сына, і міласьць Божую, бо Ён даў барана для Абрагама, каб прынесьці яго ў ахвяру замест сына.

«І ўзьвёў Абрагам вочы свае і ўбачыў: і вось, за табою баран, які заблытаўся ў гушчобе рагамі сваімі. Абрагам пайшоў, узяў барана і прынёс яго на цэласпаленьне замест сына свайго» (Быцьцё 22:13).

Шчасьлівыя бацька і сын пяшчотна абнімаюць адзін аднаго. Побач прызначаны на ахвяру баран, які заблытаўся рагамі за вецьце.


Марка пошты Ізраілю, прысьвечаная шафару, выдадзеная ў 2010 годзе


Узнагародаю за веру стала канчатковае пацьверджаньне абяцаньня патомства: «Я дабраслаўлю цябе і дам табе нашчадзтва такім шматлікім, як зоркі на небе і як пясок пясок на беразе мора» (Быцьцё 22:17). Ілюструе гэтыя словы марка Ізраіля. На карціне, намаляванай мастаком Эфраімам Мошэ Ліліенам, Абрагам заглядзеўся на зоркі – сымбаль мноства яго патомства. На прывесцы цытата з Бібліі на габрэйскай і ангельскай мовах: «…і дам табе нашчадзтва такім шматлікім, як зоркі на небе…» (Быцьцё 22:17).