Біблейскія гісторыі Старога Запавету, ілюстраваныя паштовымі маркамі. Знаёмства са зьместам Бібліі і яго адлюстраваньнем у мастацтве - страница 27




Абрагам. Эфраімам Мошэ Ліліэн (1874—1925). Марка пошты Ізраілю, выдадзеная ў 1997 годзе


Гара, дзе адбылося Зьвязваньне Ісаака, называецца Морыя. На гэтай гары быў пабудаваны царом Саламонам па загаду Божаму Ерусалімскі Храм.


Храм Саламона. Кампутарызаваная мадэль. Блёк пошты Ізраіля, выдадзены ў 1998 годзе


На месцы Храма Саламона паміж 687 і 691 гадамі 9-м халіфам Абд аль-Малікам пабудаваны Купал Скалы – ісламская Сьвятыня ў Ерусаліме. Скала ў цэнтры Купалу лічыцца мусульманамі месцам, зь якога Мухамед узьнёсься праз нябёсы да Бога ў суправаджэньні Анёла Гаўрыіла, а таксама тут стаяў Каўчэг Запавету ў часы першага Храма і зь якога, па габрэйскай традыцыі, пачалося Стварэньне сьвету.


Купал Скалы. Марка пошты Абу Дабі, выдадзеная ў 1972 годзе


Айцы касьцёла бачаць у сюжэце «Ахвярапрынашэньне Ісаака» прароцтва пакут і ўваскрэсеньня Хрыста. У сярэднявечнай «Бібліі бедных» прыводзілася такое параўнаньне: Ісаак гэтак жа, як Ісус Хрыстос, пакорліва ішоў на месца ахвяры. Як Ісус Хрыстос нёс на сабе крыж, так і Ісаак на сабе нёс дровы для ахвярапрынашэньня.

Абрагам і Сарра дажылі да глыбокай старасьці. Сарра памерла ва ўзросьце 127 гадоў у Кірыят-Арбе (Кір'ят-Арбе) каля Хэўрона і была пахаваная Абрагамам у пячоры Махпела («Падвойная пячора») у Хэўроне. Абрагам купіў гэта месца ў Эфрона за 400 шэкеляў срэбра. Абрагам памёр ва ўзросьце 175 гадоў і быў пахаваны ў пячоры Махпела яго сынамі Ісаакам і Ізмаілам.

Пячора Махпела – склеп Патрыярхаў у Хэўроне, у якім, паводле Бібліі, пахаваныя Абрагам, Сарра, Ісаак, Рэбэка, Якаў і яго жонка Лія. Згодна з габрэйскай традыцыяй, тут таксама спачываюць целы Адама і Евы. У юдаізме шануецца як другое па сьвятасьці месца пасьля Храмавай горы, таксама шануецца хрысьціянамі і мусульманамі.


Ахвярапрынашэньня Абрагама. Храм над Пячорай Махпела. Блёк пошты Каралеўства Емен, выдадзены ў 1969 годзе


Магчыма ў цяперашні час да Абрагама адносіліся б, як да грэшніка. Але ацэньваць асобу трэба ва ўсёй паўнаце. Уся 4 глава Пасланьня да Рымлянаў прысьвечана Абрагаму, як прыклад, што чалавек можа стаць праведны перад Богам толькі па веры, а не па справах. «Калі Абрагам апраўдаўся дзеямі, ён мае пахвалу, але не перад Богам. Бо што кажа Пісаньне? «Паверыў Абрагам Богу, і гэта залічылася яму ў праведнасьць» (Да Рымлянаў 4:2,3). «Так і Давід называе шчасным чалавека, якому Бог залічвае праведнасьць незалежна ад дзеяў: «дабрашчасныя, каму беззаконьні дараваныя і чые грахі пакрытыя; дабрашчасны той чалавек, якому Гасподзь не залічыць грэху»» (Да Рымлянаў 4:6—8).

Спрэчка Абрагама з Богам аб Садоме

Вось, у чым была беззаконнасьць Садомы, сястры тваёй і дачок яе: у ганарлівасьці, перасычанасьці і гультайстве, і яна рук беднага і ўбогага не падтрымлівала, І заганарыліся яны і рабілі мярзоты перад абліччам Маім, і, убачыўшы гэта, Я адкінуў іх. (Езэкііль 16:49,50)

Прайшло каля 400 гадоў пасьля сусьветнага патопу, калі адбылася катастрофа чатырох гарадоў: Садом, Гамора, Адма і Севаім былі зьнішчаны агнём зь неба. Чалавечае правасудзьдзе ў гэтых гарадах было бясьсільна перад злачыннасьцю і распустай, і, як гэта бывае ў такіх выпадках, у справу ўступіла правасудзьдзе Боскае.

Калі Бог паведаміў Ною пра патоп і загадаў яму будаваць каўчэг, Ной моўчкі выканаў гэта загад. Але не так паступіў Абрагам, калі даведаўся аб маючым адбыцца зьнішчэньні Садомы.

Гэта першы выпадак спору чалавека з Богам, які стаў характэрнай рысай юдаізму.