Нацыянальныя і дзяржаўныя сімвалы Беларусі - страница 5




Герб Літоўскай Русі і герб Чырвоннай Русі. На стужцы: «Святы Георгі заступнік Русі» (Холмская Русь. Исторические судьбы русского зарубежья. П.Н.Батюшков. С.-Петербургъ. 1887)


Менавіта ў сярэдневякоўі, з умацаваннем Полацкага княства i пашырэннем яго межаў, пашыралася тэрыторыя выкарыстання полацкага герба. У любой краіне таго часу герб яе ўладара станавіўся гербам краіны; так i герб полацкіх Iзяславiчаў, дзе б ні княжыў князь з гэтага роду, заўсёды змяшчаўся на пячатцы i на вайсковай харугве княства, з’яўляючыся яго дзяржаўным сімвалам.




Магчыма, што яшчэ тады герб атрымаў сваю кароткую, як баявы покліч, назву-дэвіз «Пагоня!», што адлюстравала сэнс вайсковай справы ліцвінскай дзяржавы: дагнаць i адбіць у захопніка нарабаванае ім дабро i вызваліць захоплены ім палон, хаця ўпершыню зафіксавана назва «Пагоня» толькі ў гербоўніку Б. Папроцкага 1584 г.


Вершнік з дзідай – герб князя Жыгімонта-Карыбута. Малюнак з хронікі імператара Жыгімонта (1443)



У 1539 г. Жыгімонт ІІ Аўгуст унёс у малюнак «Пагоні» некалькі змен: на шлеме вершніка з’явіўся султан з пер’я, а на кані – трохраговай гунька з аблямоўкай.




1550—1560 гг. Габелен, створаны па замове Жыгімонта Аўгуста






На «Вострай Браме» (Вільня)


Вядома выява «Пагоні» і са «зміем» – цмокам, ці драконам.



Але гэта выява магчыма адносіцца да Ордэну Дракона, заснаванага імператарам Жыгімонтам. Членам гэтага Ордэну ў 1429 г. стаў Вялікі князь Літоўскі, Рускі і Жамойцкі Вітаўт-Аляксандр. Згодна са статутам Ордэну, яго чальцы мелі права на размяшчэнне выявы дракона на сваім гербе, але адзіны парадак размяшчэння – кольцам вакол шчыта, як, напрыклад на гербе Вялікага князя і караля Уладзіслава-Ягайлы II, быў прыняты не з самага пачатку існавання Ордэну.



Такім чынам, герб «Пагоня» з’яўляўся афіцыйным дзяржаўным гербам Вялікага княства Літоўскага, Рускага i Жамойцкага (Самагiцкага) з XIV ст. i да моманту яго скасавання ў канцы XVIII ст. На працягу гэтага часу пячаткамі з выявай «Пагоні» замацоўваліся ўсе важнейшыя міжнародныя дамовы Вялікага княства з Тэўтонскім ордэнам, Маскоўскім княствам, Швецыяй, Малдавіяй, Свяшчэннай Рымскай імперыяй, гарадамі Ганзы i iншымi дзяржавамі тых часоў.


Вялікі і Малы Дзяржаўныя гербы Вялікага княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага (згодна правілаў класічнай геральдыкі)


Пра крывiцка-полацкае паходжанне герба з выявай святога Юрыя – нябеснага абаронцы Белай Русі i заступніка яе воінаў – сведчаць многія гістарычныя крыніцы. Так, у некалькіх старажытных летапісах, напрыклад у Густынскім або ў Прыбаўленні да Iпацеўскага, змешчаны сведчанні, што «…князь Витень нача княжить над Литвою измысли себе герб и всему князству… печать: рыцер збройный на коне з мечом, еже ныне наречут пагоня». Тут неабходна заўважыць, што слова «iзмыслi» азначае не «прыдумаў» або «выдумаў», а «зрабіў» ці «набыў», гэта слова аднакарэннае з такімі словамі, як «промысел», «прамысловасць» i г. д. У гэтых жа летапісах знаходзяцца і сведчанні таго, што князь Вiцень (1293—1316) – гэта прадстаўнік полацкага роду Iзяславiчаў, патомак Вялікага князя кіеўскага святога Уладзіміра ў IX калене.

Гэтыя ж звесткі пацвярджаюць вядомыя расійскія вучоныя-гісторыкі, напрыклад, А. Лакіер, А. Кiркор, якія карысталіся i iншымi гістарычнымі крыніцамі, многія з якіх, на жаль, не захаваліся да нашага часу.

Меў такі герб і полацкі князь Глеб-Нарымунт (1277—1348), аб чым сведчыць яго пячатка, якой замацавана дамова Полацка і Рыгі 1330 г., а таксама «Хроніка Літоўская і Жамойцкая»: «Наримонт мел герб, або клейнот… а то такий: в гербе муж сбройный, на коню белом, в полю червоном, меч голый, якобы кого гонечи держал над головою, и есть оттоля названый «Погоня».