Нацыянальныя і дзяржаўныя сімвалы Беларусі - страница 6
Аб тым, што гербам Полацкай Русі здаўна быў вершнік белы ў чырвоным полі, які трымаў шаблю (меч) перад сабой, гаворыцца i ў гістарычных даследаваннях расійскага вучонага-гісторыка В. М. Тацішчава: «Древнейшие манускрипты всю сию страну… Белая Русь именуют… И для сею… герб древнейший: всадник в белом платье… а Черной Руси, которой литовские князи похитили, в черном, киевский, или малороссийский, в красных одеждах были… Герб Белыя Руси издревле был всадник белый в красном поли, саблю имеюсчий пред сабой».
Аднак, некаторыя даследчыкі сцвярджаюць, што герб «Пагоня» з’явіўся ў выніку дамоўленасці літоўскіх князёў з рыцарамі Лівонскага ордэна. Так, напрыклад, польскі сярэдневяковы гісторык С. Акольскi лічыў, што герб з выявай срэбнага шасцiканцовага крыжа ў чырвоным полі быў падараваны Вялікаму князю Міндоўгу магістрам Лівонскага ордэна ад імя Папы Iнакенцiя IV (1243—1254) у знак удзячнасці за саюз з Ордэнам i прыняцце хрысціянства. У сувязі з гэтым, адзначаў гісторык, Міндоўг абяцаў не ўмешвацца ў дзейнасць Ордэна ў Прусii i Жамойцii, у адказ крыжаносцы абяцалі Вялікаму князю сваю вайсковую дапамогу.
Іншыя гісторыкі сцвярджаюць, што князь Нарымонт (1277—1348) атрымаў гэты герб ад магістра Лівонскага ордэна Флядэра, на дочках якога былі жанаты князь i яго брат Даўмонт. Але больш верагодна, што Нарымонт i Даўмонт абралі сабе герб полацкіх князёў яшчэ да жаніцьбы на дочках магістра, а неабходнасць абрання гэтага герба была прадыктаваная палітычным разлікам – трэба было паказаць, што Нарымонт i Даўмонт маюць старажытны герб i паходзяць са старажытнага роду, а таму яны лічаць сябе роўнымі, а магчыма, i вышэйшымі за магістра ордэна. Дарэчы, такім жа чынам паступіў і князь Аляксандр Яраславіч, які запазычыў герб полацкіх князёў, ажаніўшыся на дачцэ полацкага князя.
Найбольш падрабязнае апісанне герба «Пагоня» прыведзена ў летапісным спісе пачатку XVII ст. (захоўваецца ў бібліятэцы імя М. Я. Салтыкова-Шчадрына ў Санкт-Пецярбургу), які з’яўляецца копіяй старажытнага летапісу: «Пишуть наши кройники руские, и Наримунт был першим автором гербу або клейноту великого князства литовского: в гербе муж збройный, на коню белом в полю червоном, мечь голый, яко бы кого гонячи держал над головою, и есть оттоля тот названный погоня».
На працягу наступных некалькіх стагоддзяў уладарамі Вялікага княства Літоўскага, Рускага i Жамойцкага заставаліся полацкія Ізяславiчы: брат Вiценя – Гедымiн (княжыў у 1316—1341 гг.), сын Гедыміна – Альгерд (княжыў у 1345—1377 гг.), яго пляменнік Вітаўт-Аляксандр (княжыў у 1392—1430 гг.), яго сын Ягайла-Уладзіслаў (княжыў i быў каралём Польшчы ў 1377—1434 гг.).
Пячатка Ягайлы – «Божжай міласцю караля Літвы» (1380)
Малюнак з хронікі імператара Свяшчэннай Рымскай імперыі Жыгімонта (1443), які пасрэднічае між Тэўтонскім ордэнам і каралём Ягайлам (пад «Пагоняй»)
Дарэчы, вялікі князь Альгерд, трэці сын Гедыміна ад першай жонкі, князёўны Марыі Віцебскай, меў пяць сыноў, якія былі ахрышчаны паводле праваслаўнага абраду: Андрэй (князь Полацкі), Дзмітрый (князь Бранскі), Канстанцін, Уладзімір і Хведар; ад другой жонкі – князёўны Улляны Цвярской, меў сем сыноў, якія былі ахрышчаны паводле каталіцкага абраду: Ягайла-Уладзіслаў, Скіргайла-Іван, Карыбут-Дзмітрый, Лінгвен-Сямён, Карыгайла-Казімір, Вігунт-Аляксандр і Свідрыгайла-Баляслаў.
Таксама вядомы пячаткі і гербы выявамi, падобнымі «Пагоні», якія ўжываліся ў некаторых дзяржаўных утварэннях, існаваўшых на тэрыторыях, не ўваходзіўшых у склад Вялікага княства Літоўскага.