Рассказ в стихах. Книга издана на 2-х языках – на белорусском и русском. - страница 2



Першыя месяцы пасля пахавання мінулі для яе як у тумане. Толькі дзякуючы сыну яна змагла паступова акрыяць ад страты. Дзіця паглынала ўвесь яе час. І толькі начамі, калі ён засыпаў, вярталася адзінота і душылі слёзы. Але яна навучылася з гэтым змагацца – яна пачала паліць. Дым, палягчаючы боль, супакойваў. Шмат начэй ёй правесці з цыгарэтай і кубкам кавы на пустой кухні, перш чым да яе зноў вярнулася чаканне. Чаканне вечара, калі яна, нарэшце, зможа забраць з садка сына. Затым, з’явілася чаканне яго вяртанняў із школы, чаканне першых спартовых поспехаў. Шмат вады ўцякло, перш чым жыццё наладзілася, і яна перастала праводзіць доўгія ночы ў гутарках з фотаздымкам. Усё сваё матчына каханне, усю сваю душу яна аддала сыну. Не, яна не песціла яго, бо жыццё не песціла яе. Аднак ён заўсёды адчуваў пастаянны клопат маці і рос каханым, разумным, прыгожым юнаком, цешачы яе сэрца. Яна цвёрда для сябе вырашыла, што ён не стане вайскоўцам, але пасля заканчэння ім школы, да яе зноў прыйшло чаканне. Чаканне яго прыездаў у адпачынак, прыездаў такога ж прыгожага, упэўненага, моцнага, якім калісьці быў яго бацька. І кожны раз, сустракаючы яго, яна пра сябе думала, як яму ідзе вайсковая форма. Кожны раз, вярнуўшыся, ён урываўся ў хату маладым буйным ветрам, несучы перад сабою вялізны букет кветак і, цалуючы яе ў шчаку, казаў: «Ма, гэта табе». І яна зноў была шчаслівая. А пасля кожнага ад’езду зноў яго чакала. Затым у яго з’явілася тоненькая дзяўчынка, якая сваім з’яўленнем прынесла ў яе жыццё зноў чаканне. Чаканне хуткага вяселля, затым чаканне ўнукаў. І так усё жыццё. Чаканне. Чаканне. Чаканне…

«Мусіць, менавіта так я і скончу гэтую кнігу. Дзяўчынка, унукі – вельмі добра, вельмі» – зрабіла запіс ў нататніку. Сонца ўжо амаль зайшло. Наступіў яшчэ адзін цёплы, зацішны, вясновы вечар у яе жыцці. «Ну, што ж, час дадому» – падумала яна і, схаваўшы пад хустку, сівую пасму валасоў, паднялася з лавачкі. У апошні раз дзелавіта агледзела наведзены парадак і, сказаўшы, маладзенькаму лейтэнанту, які безклапотна ўсміхаўся з фотаздымка: «Прыйду праз тыдзень. Да спаткання, сынок» – злёгку горбячыся, павольна накіравалася да выхаду з могілак, насустрач адзіноце, якая чакала яе каля ўваходнай брамы… Насустрач адзіноце…

Я і востраў

Невядомыя спрачаліся:

– Ён дабяжыць.

– Не. Не дабяжыць.

– Я сказаў, што дабяжыць. У яго веру.

– Не ведаю. З тваім гэтым: «веру»… Паглядзім…


Галоўнае памятаю, бег па вуліцы і потым ўніз ў люк, потым з люка, і я адзін у завулку. Усё маментальна адбывалася: з'явіўся вораг. Прапанаваў біцца, не баязлівец бо ты (я, у сэнсе) … Мы па крузе ходзім, потым ён нападае, і я адбіваюся і пераходжу ў напад. Яму канец. Ён падае і хапае мяне рукой за горла, я яго дабіваю і адчуваю, што ўдары мае слабейшыя. Вораг ляжыць, і я, хістаючыся, сыходжу. Сеў пад плотам. Адпачыць трэба. Мне адразу лягчэй стала. Потым прайшоў я і ўпёрся ў будынак. Ён зачынены быў. Абыйшоў яго, зноў плот. Пералез я праз плот і апынуўся ў садзе, раптам убачыў дзяўчыну. Яна глядзела на мяне і ўсміхнулася. Яна прыгожая. Я такіх не бачыў: уся падабраная, твар з зялёнымі вачыма, ўюцца валасы. Так, яна прыгожая! Я спытаў нешта, яна адказала. Не памятаю, пра што размаўлялі. Мне было добра з ёй…

Зноў я на вуліцы адзін. Што такое? Бачу ўверсе па вуліцы шмат людзей. Я пайшоў туды. Падыйшоў, а там… прыгажосць. Цэлы горад. Я зарыентаваўся, знайшоў дом і пайшоў да яго. Як усё гэта ў мяне атрымліваецца? Як я ведаю куды ісці? Быццам унутры мяне сядзіць нехта. Прыкра. Добра, зайшоў у дом, у мяне пакой, праз акно гляджу на двор. Лёг паляжаць і заснуў: мы прыплылі ў горад затоплены. Дакладна, мы! Мой сябар, дзяўчына з зялёнымі вачыма. Яны засталіся на караблі, а я пералез у дом. Там шмат было каштоўнага. Я сабраў і… выпусціў мяшок у ваду. Ніхто не падняў. Дзяўчына каля мяне апынулася, пагладзіла мне галаву і пацалавала мяне! Гэты мяшок не хваляваў больш мяне, ніколі! Важна, што яна мяне пацалавала! Які прыемны сон. Я паглядзеў у акно: дзеці гуляюць, людзі праходзяць. Сябар ідзе! Я ў акно, крычу яму. Ён не бачыць мяне. Я крычу гучней! Сябар павярнуўся і заўважыў мяне! Ён сказаў: «прывітанне-пакуль». Я яго спытаў пра нешта, ён спыніўся і сказаў, што са сваімі бацькамі гаварыў. Ён пойдзе да іх, спяшаецца. Значыць, я зноў адзін застануся. Сеў пачытаць і кінуў…