Сляза ляза - страница 2



Прасторы трупярняў.
Безумоўна,
Ты адзіны там з жывых
(Ці табе так падаецца?)
Бо сон, вядома, надзейны падманнік і
Падменнік
Заменнік
Жыцця, у якім
Зімовай вішняй даспявае
Богам згубленае Слова.

«Калі наўкола неспакой…»

Калі наўкола неспакой,
Бы дзідай сэрца працінае,
І слота косіць шыхты мрой —
Згадай свой край забраны.
Хоць і не забраны для цябе
Ардой ваўчыных згряў,
Хай шалам дзеяцца ў сяўбе,
Над нескароным – Краем.
Лютуюць прыхадняў сцягі —
Апрыкрыя Усходу знакі —
Твае ж не ўзяць ім берагі,
З бусламі не лятаць сабакам.
Руйнуюць храмы ўласных душ,
Няхай, народжаныя Хамам.
Твой сад спамінны з Княства Руж —
Не адчыніць ім яго брамы.
Як ні жадаць ім, не згібець
Ані табе, ані нашчадкам —
Датуль, пакуль у сэрцы днець
Пагоні Велічнае спадкі.

Д'ябал слухае цішыню…

І галосяць знічкі,па жывых галосяць,гэта люд крывіцкі

чорны ветах косіць.

Анатоль Сыс

Д'ябал слухае цішыню
Душ крывіцкіх збалелых.
Можа, пустка патрэбна яму
У вачах іх збялелых…
Выпівае анёл чарку сну
З бел-чырвонага куфля на небе.
Д'ябал шэпча ў хмелю яму:
Няма месца абодвум на глебе
Што ўзарана слязьмі і крывёй
Спакон веку яму падуладных…
Суразмоўца ў адказ цішынёй
Праслаўляе народ гэты ладны…
Праслаўляе мінулыя дні,
Што Пагоняй лунаюць у душах.
З тых часоў, калі Каралі
Баранілі крывіцкасць у Пушчах.
І калі не спакушаны Бог
Беларусь блаславіў вольным краем…
А ў 2010 з Раства Яго рок
Д'ябал душы ў краіне збірае…
Ды не бачыць ён пустку ў вачах,
І пакоры крывіцкай ня бачыць
Анёл шэпча: «Нячысты, твой страх
Зямлі гэтай свабоду пазначыць….
Д'ябал слухае цішыню
Душ крывіцкіх збалелых….
І здаецца, здаецца яму
Бляск вачэй іх у полымі веры…

Плошча

Адчуваю:
за мной са зброяй ідзе цень.
доўгі, насуплены, змрочны…
з цягам часу хаваецца ў Дзень,
нібы апошні бяглянак на Плошчы…
Ты адчуваеш:
боль – за табою бяжыць.
доўгі, апрануты ў форму вайскоўца.
адчуваеш:
сняжынка ў далонях трымціць
светам пакінутай Плошчы.
Што за грукат
насупраць будынкаў?
«Спаць!» —
загадалі сцямнёныя вочы вакон.
ціха паўзе самота ў натоўпе —
нязвыкла
нібыта ўваходзіць
Плошча у Скон.
Мы адчуваем
подых натоўпу ціха-
застылага.
ценю крысо, Змрок Болю, і
Ноч.
сэрца спявае слязьмі.
бел-чырвонымі крыламі шэпча
мароз:
з Плошчы кроч….

«Там, дзе Малагу мора цалуе пяшчотна…»

А.Э.

Там, дзе Малагу мора цалуе пяшчотна,
Там, дзе сонца паўднёвае ззяе як Бог,
Твае плечы у сне уздымаюцца вольна,
Пад прасцінай ласкавай, нібыта мурог.
Там, на вуліцах вузкіх, усмешных і ветлых,
Паміж небам далёкім і долам ў нагах,
Твае вусны варушацца ціха-нясмела
Быццам нечы спрабуючы вытрушчыць страх.
Там, дзе Лоркі гітара ўздыхае самотна,
А на плошчах Гранады фламенко жыве,
Твае вочы асветлены быццам паходняй
Што запалена сэрцам ліцьвінскім ў імгле.

«а калі на гарышчы жніўня…»

а калі на гарышчы жніўня
вераснёвыя пожні заззяюць
таямнічым святлом сонцаліўня
барвай зжытага некалі траўня
у расхрыстаных душах наўкола
у вачох што стаміліся Поўняй
новым зыкам маланкавым мова
ўзнікне з мары тваёй маціцовай

«Восень па-вар’яцку лютуе па-над намі…»

Восень па-вар’яцку лютуе па-над намі:
Жоўтым лісцем сцеле прыбраныя дываны,
Гаманіць рачулкай, стомлена-халоднай,
І нябёсаў шэрасцю плача гэта восень.
Толькі ты ня чуеш, забыццём прачулы:
Пройдзеш крок у бок, сэрца не пачуе.
А наўкола свішча вецер нібы пугай
Цемра б’е няшчадна, ніб кат папругай.
Дождж вяроўкай слізкай абаўе наўкола:
І табе ад сонца не было нічога…
Бо лютуе восень, жоўта іклы шчэрыць —
Аняма тут свету, аняма тут веры…

Восеньская электрычка