Сляза ляза - страница 5



дзень калі ад сусвету ты вольны
і як восень – безабаронны
калі лісце над крыжам змярцвее
то надыйдуць, хутчэй, снегавеі.
дні, дзе холад дарэшты наспее
ў непрабудных абдымках Марфея.
калі лісця над крыжам ня будзе,
груганы завітаюць, не людзі,
да сірочай магілкі што ў смузе
лісцем цісне на вочы, на грудзі…

Да вытокаў

на схоне лета душа
да вытокаў вяртаецца
павольным узмахам
крыла
матыля
які ад нараджэння жыве
для агня
не больш за імгненне
дзідай трызнення
што скрозь брамы
ўяўлення
пранізае часу прасторы
пакуль у павуцінне
нябыту не згіне
нібы на страчанай векам карціне
водар язьміну…
вочы вусеня бачаць
час сваёй смерці
час сталення, калі выраслі дзеці
ды жадання апошняга мэты
матыльком праляцець
скрозь планету,
за душой палымнянаю лета
на акрайцы асадцы паэта
недзе там, дзе вытокі радкоў
ператвараюцца
з вусеняў
у матылькоў.

«Апранулася восень у шалік лістоў…»

Апранулася восень у шалік лістоў,
у сукенку пажоўклага свету…
Капялюшык з халодна-гуллівых вятроў
Пасуе ёй, а мне так нясцерпна…
Нібы з лесу вярнуліся сны
пра герояў паўстання у Слуцку,
Быццам нас не знайшлі змагары,
Што жыццё аддалі у пакутах…
Апранулася восень у дождж,
Капялюшык крывёй набрынялы..
Побач з намі, вакол ды і ўздоўж
успамін пра Радзіму апалы…

Менчанка

Не Кракаў, не Варшава, не Залессе…
Гародня? Не… Не Беласток…
Вілейка мо? Ці Брэст? Палессе?
Ад Менску ўсё бярэ выток…
Не Вільні светач… Талін? Рыга?
Ці Прагі златай голас-звон?
Вясновай светлаю адлігай
На Менскі узыходзіш трон…
Адкуль? З чаго? Яны паўсталі,
Красой тваёй з’яднаны ў міг.
І Крэўным Знічам заблішчалі,
Як быццам Вечнасці уздых…
Ан не… І ўсё ж такі, канечне,
Радзімы светлае крыло
Варшаву, Кракаў і Залессе
Даруе мне сталічным сном.

Варажбіт

Сполахам роснага ранку
На тонях жыццёвага сну
Апусціцца чэрвенем з ганку
Цень, закаханы ў вясну.
Той цень, што насёння ссівелы,
Вядзьмак з прамінулых часоў,
Той цень, што пакінуў насенне
Пракляццю наступных гадоў.
Нібыта стары з барадою,
Бялюткаю цнотай святых,
Малітвай як быццам вадою
Змывае душы твой пухір.
Нябёсныя сёстры старога —
Агнёвыя зоркі ўначы, —
Бы Паркі ткуць лёс твой нанова
Ў старыцах сцішэлай душы.
Каб ранкам малочна-празрыстым
Згадаліся прашчураў дні
У чэрвеньскім ўбранні квяцістым
Слязой залатою вясны.

Перадсвітальнае

Знікае цемра спакваля,
Нібы ўздымаецца зямля
Пад спевы ў бэзе салаўя,
Ляціць да зорак нерухомых,
Празрыстых, чыстых, ёй знаёмых,
Якія свецяць матылям —
Табе і мне, сябрам, бацькам…
І вось трымаецца рука
За рог таго маладзіка,
Які люляў-спяваў нам сон,
Дзе залаты усмешны гном
Нас веў у панства аксіём:
Што ўсё-ўсё на свеце ёсць—
І добры эльф, і хцівы цмок.
А мы паверылі з табой,
Пацалаваныя вясной,
Што далягляд – наш вечны дзень…
Страчалі срэбраны прамень,
З Душы скідаючы камень
Цямнотаў ночы праз агмень
З дзяцінства светлых аксіём:
Ты – чараўніца, а я гном,
І пераможам мы той гром,
Што называюць людзі лёсам,
Бо лёс у нас – шаптанне сосен,
Бярозак светлых ціш увосень,
Блакіт глыбінны ўсіх нябёсаў,
Якія маем у Душы,
Што падарылі нам буслы,
Крылом сваім нас ахрысціўшы…
…«Бывай» аднойчы абраніўшы,
Парушыла ўвесь наш свет.
І цемра зноў паміж камет,
Нібы табой прайграны сэт,
Гумовым мячыкам нясецца,
Апошняй лічбай сэрца рвецца,
Душа сасмяглая смяецца,
Паразу болем не прыняўшы…
Аднойчы я цябе спаткаўшы,
Нібы як Зеўс, Еўропу скраўшы,
Ды падмануўся, бач ты, сам —
І ўсхваляваны Акіян
Ахутаў хваляй забыцця.
А цемра знікла спакваля,
Калі ўздымалася зямля
Пад спевы ў бэзе салаўя
І сон згарэлы матыля…