Сляза ляза - страница 4



Што няма чаго ўжо ратаваць…

«Першы снег…»

Першы снег.
Чалавек чорнай
Плямай выглядае
Між дрэваў..

«Віна Румыніі глыток уночы…»

Віна Румыніі глыток уночы,
Срабрыстай поўні ззянне-след…
З-за мора прывіды пакрочуць,
Каб атуліць магнолій свет…
Твая рука трымціць, бы лісце,
А позірк поўняй блаславён…
Яшчэ глыток… каб не даплысці…
Яшчэ мо крок… каб не праклён…
А золак жвава смокча цені,
Грамніцы рэдзенькай камлі…
Імчымся разам на арэлях,
Пакуль не злучым берагі…
Адной струной, адзіным мігам
Глыток румынскага віна…
Пачуеш сэрца грукат-скрыгат,
Як быццам бурыцца сцяна…
Знікаюць прывіды на хвалях,
Вось сонца твар наўскрай жытла…
Яшчэ глыток… і на каралях
Зайграе полымя святла…

«Атруты выпіўшы глыток…»

Атруты выпіўшы глыток,
Схапіўся Ён за сэрца:
«Калі памру – няхай як воўк,
Які кахаўся з смерцю»…

«Гонка імкнецца да новага года…»

Гонка імкнецца да новага года
Сцежка між памяці спаленых сноў.
Што адбылося – дабро ці нягода —
Паразрасталася часу быллём.
Хмары, аблокі, усмешкі, сустрэчы —
Пройдзена-зжыта – як мліва – даўно.
Ценем нязведаных далечы вежаў
Сумна ўсміхаецца лёсу шытво.
Толькі наперад няпэўна і квёла
Цягнецца ўсё ж за табой наўздагон
Ёлкай прысутнасцю страчанай долі
Бела-чырвонай надзеі палон…

«На разгорнутай старонцы…»

На разгорнутай старонцы
Мімаходзь, імкліва, хутка
Захапляе ўладу стронцый,
Час згубіўся ў змрочных сутках.
Колер золата пагасне,
Адпачынак возьме лета.
Заквітнеюць лютым жарсці
І наноў памруць паэты.
На загорнутай старонцы
Мімаходзь, імкліва, жвава
Чорных армій ход бясконцы
Нам здаўна наканаваны.

«Па-над ночкаю, па-над рэчкаю…»

Па-над ночкаю, па-над рэчкаю
Зоркі спрытныя, срэбрам абмытыя,
Цалавалі бярозкі белыя, вочкі смелыя,
Думкі збалелыя, сэрцы сшалелыя…
Па-над ночкаю, па-над рэчкаю
Зоркі спаймалі невадам мары,
Позіркі душаў, самотных на сушы,
Кранутых аднойчы цудамі ночы…

На прыпынку світанкаў

Падышлі да прыпнку світанкаў.
– Ці на «Мележу»? Ці на «Танку»?, —
Запытальна вочы блішчалі
Па-ліцьвінску прыгожай менчанкі.
– «Багдановіча»? Ці «Янкі Купалы»? —
Вусны хлопца ледзь ёй адказалі.
Ім абодвум было то замала
На прыпынку таемным світанкаў.
Між аблокаў і хмар-ваўкалакаў
Шляхта таньчыла з белых маланкаў.
– Ці на «Коласа»? «Пімена Панчанкі»?, —
Панна Нясвіжа і пане Каханку.

«Цяпло твае пальцы даруюць няўмела…»

Цяпло твае пальцы даруюць няўмела…
Я ганаруся пачаткам такім —
Ты зберагла маю душу і цела,
Я не раздзьмуў красы тваёй дым.
Седзячы побач, на поўні грудастай,
Мы назіраем за сэрцам жыцця…
Ты пацалункам празрыстым і ясным
Хмары сагнала з постаці дня.
Яркія знічы квітнеюць вясёлкай…
Я ганаруся пачаткам такім —
Ты мне заззяла Максімавай зоркай,
Я расквітнеў Рамансам тваім…

«Забінтуй ты мне ногі абдымкамі жарсці…»

Забінтуй ты мне ногі абдымкамі жарсці,
Заручы нашы вочы даўкай палёгкай,
Пацалункам шляхетнага ў росах світанка
Забінтуй маё сэрца чаканай аблогай.
Падары па аскепках свой цень небакрайны,
Распрані маю душу сунічным паглядам.
А пасля, калі пойдзеш, мой сон неахайны
Ты ўвазьмі за сабой… на ўсялякі… выпадак…

Цяжарнасць

Птушка-ноч распрастала крылы,
Зоркі-пёркі пападалі ў сны…
Пожняй стомленай поўня застыла
У адбітках на нырках вады…
Задухмянай задухі шыпшына
Калыхае мацункі любві…
Конік чорны хрупоніць няспынна
І пяшчоцяцца веццем сады…
Птушка-ноч прамільгнула і сплыла:
Росны водар абняў паплавы…
Золкам волкім пад сэрцам круціла
Патаўсцелай, цяжарнай зямлі…

«калі лісце над крыжам пажоўкне…»

калі лісце над крыжам пажоўкне
гэта будзе, напэўна, субота.