Знатныя гісторыі: эліта Гродна ў перыяд XVI—XVIII стагоддзяў - страница 15




Сярод досыць шырока прадстаўленых у гродзенскай павятовай іерархіі дамоў, маркіраваць магнацкім статусам можна Валовічаў, Храптовічаў, Масальскіх і, з некаторымі агаворкамі, Сцыпіё-дэль-Кампа.

Зразумела, магнатамі былі Сапегі і Хадкевічы, якія мелі дастаткова цесную сувязь з Гродна.

Статус тых ці іншых высакародных фамiлiй мог мяняцца на розных гістарычных адрэзках, і, хоць, найбольш уплывовыя магнаты, такія як Радзівілы, Сапегі і Чартарыйскія, нязменна вылучаліся сваёй магутнасцю на працягу ўсяго перыяду XVI – XVIII стагоддзяў, усё ж нават у гэтых знакамітых паноў здараліся моманты некаторага заняпаду.

Да сярэдняй гродзенскай шляхты можна аднесці, да прыкладу, вядомыя ў павеце роды Аляксандровічаў, Катовічаў, Эйсмантаў, Кірдзеяў і Вальмераў, якія ў розныя перыяды гістарычнага адрэзка ад XVI да XVIII стагоддзя, дабіваліся дастаткова значных пазіцый у мясцовай іерархіі.

Менш магутныя роды, такія як Сапоцькі і Баўфалы, таксама мелі ў сваіх шэрагах людзей, займаючых важныя пасады ў гарадзенскім павеце.

Найбяднейшая частка шляхты не дабіралася да пастоў у гродзенскім павеце, i канешне, звычайна, не магла зрабіць адчувальнага ўкладу ў гісторыю рэгіёна і краіны, хоць яе дзеі, нярэдка, цікавяць прамых нашчадкаў, якія капаюць архівы дзеля знаёмства з беднымі, але ганарлівымі павятовымі сарматамі.

Палітычнае жыццё

На ўзроўні палітычнага жыцця, найважнейшай для шляхты ВКЛ, у тым ліку і гродзенскіх дваран, была сістэма сеймікаў, якая прыжылася, а затым і была ліквідаваная ў Літве, якраз у перыяд XVI – XVIII стагоддзяў.

Сеймік уяўляў сабой сход шляхцічаў павета ці ваяводства, на якім мясцовая эліта вырашала розныя пытанні.

Па сутнасці, сеймік нагадваў старажытнарускае веча, з той, праўда, розніцай, што верхаводзiла тут толькі прывілеяваная частка грамадства – праслойка дваран, а не ўсе свабодныя главы гарадскіх сем'яў.

Сеймікі дзяліліся паводле свайго прызначэння.


Сейм у Сенатарскай зале Баторыеўкі, у Гродне. Малюнак XVIII стагоддзя.


Перадсеймавы сеймік быў прызначаны для выбару рэгіянальных паслоў на агульнадзяржаўны сейм Рэчы Паспалітай.

Рэляцыйны сеймік заслухоўваў даклады паслоў, што прыбылi з агульнадзяржаўнага сейма і, тэарэтычна, мог адмовіцца прыняць прадстаўленыя рашэнні фактычнага парламента краіны. Важным пытаннем такіх сеймікаў з'яўляліся пытанні падаткаў, збор якіх маглі і не зацвердзіць. Напрыклад, паводле дзённіка Яна Храпавіцкага, гарадзенскі рэляцыйны сеймік у снежні 1669 года, прайшоў з удзелам малой колькасці шляхты, і паседжанне завяршылася без ухвалення падаткаў.

Элекцыйны сеймік быў прысвечаны элекцыі, гэта значыць, выбару шляхцічаў на некаторыя пасады, напрыклад, на пасаду мясцовага падкаморыя.

Каптуравы сеймік збіраўся пасля смерці караля і меў характар арганізаванага замяшчэння каралеўскай улады, быццам згубленай у выніку смерці манарха, у прыватнасці, шляхта выбірала членаў каптуровага суда, які быў неабходны ў сувязі з тым, што суды, якія дзейнічалі ад імя ўладцы, пераставалі працаваць. Пасля ўзыходжання на трон новага караля і вялікага князя, каптуровыя суды спынялі працу, а манарх павінен быў зацвердзіць іх рашэнні.

Дэпутацкі сеймік выбіраў дэпутатаў, ці інакш кажучы, суддзяў, у Трыбунал ВКЛ, то бок, у вышэйшы дзяржаўны суд краіны.

На гаспадарскім сейміку вырашаліся пытанні падаткаў.

Гарадзенскія сеймікі праходзілі ў розных месцах, напрыклад, у касцёле бернардынцаў, інтэр'ер якога быў распісаны гербамі мясцовай шляхты.