Знатныя гісторыі: эліта Гродна ў перыяд XVI—XVIII стагоддзяў - страница 17



Дваранам, у тым ліку і гродзенскім, служылі, сярод іншых: асэсарскі, земскі, падкаморскі і гродскі суды. Кожны з іх меў пэўныя асаблівасці. Напрыклад, асэсарскі суд, ці інакш «асэсорыя», займаўся, апроч іншага, пытаннямі, якія былі звязаныя з каралеўскімі маёнткамі. Старшынстваваць там павінен быў канцлер ці падканцлер.

Вядома, што ў «асэсорыі», якая праходзіла ў Гродне ў 1751 годзе, старшыняваў князь Міхаіл Фрэдэрык Чартарыйскі, падканцлер ВКЛ і гарадзенскі стараста.

Па ўспамінах аднаго з асэсараў, Марціна Матушэвіча:

«На гэтую асэсорыю з'ехалася амаль уся Літва, і для спраў, і для розных выгод, і дзеля будучых сеймікаў дэпутацкіх, і каб спадабацца князю падканцлеру».

У гэтым паведамленні адлюстроўваецца найважнейшы момант палітычнай сістэмы Рэчы Паспалітай, а менавіта: важнасць пратэкцыі найбольш уплывовых магнатаў, якія запраўлялі не толькі дробнай і сярэдняй шляхтай, але нават менш магутнымі магнатамі. Падобная сістэма завецца «кліенцкай». Кліентам у такіх адносінах выступаў менш магутны шляхціц, а патронам больш уплывовы, які нярэдка валодаў магнацкім статусам. Менавіта тут залатое правіла «кліент заўсёды мае рацыю» можа быць пераасэнсавана ў іранічным ключы.

Патронам, дарэчы, магла быць і жанчына магнатка, і аб пратэкцыі «вяльможнай панны дабрадзейкi» прасілі не менш лісліва, чым аб пратэкцыі магната мужчыны.

Пасады

Кар'ера шляхціца не абмяжоўвалася атрыманнем статусу пасла на сейм ці дэпутата-суддзі ў судовым органе. Доўгі пералік дзяржаўных пасад вабіў дваран сваімі перспектывамі. Пасты шляхцічу маглі даць яго таварышы на сейміку, або манарх. Назвы пасад і фармальныя абавязкі гэтых чыноўнікаў XVI – XVIII стагоддзяў, безумоўна, могуць быць вельмі цікавымi.

У гарадзенскім павеце шляхціц мог заняць наступныя пасады ці, інакш кажучы, урады:

Войскі – прыглядаў за парадкам у павеце. Пасада была па-свойму ўнікальнай, бо такi чалавек павінен быў забяспечваць жыццё сем'яў шляхты, што пайшла на вайну. Такім чынам, выконваючы абавязкі войскага шляхціц заставаўся ў адноснай бяспецы, пакуль яго таварышы па зброі ваявалі. Зразумела, на падобную «амаль сінякуру» лагічна было ставіць пажылых мужчын з добрай рэпутацыяй, аднак на практыцы часта атрымлівалася інакш.

Гараднічы – павінен быў прыглядаць за гарадамі і замкамі, захоўваў ключы ад важных дзвярэй горада.

Земскі суддзя – з'яўляўся кіраўніком земскага суда.

Лоўчы – першапачаткова чалавек, які займаўся арганізацыяй манаршага палявання.

Маршалак земскі або павятовы маршалак – кіраўнік мясцовых сеймікаў, які меў і некаторыя іншыя важныя паўнамоцтвы. Адзін з найважнейшых чыноўнікаў павета.


Гарадзенскі маршалак упаў з каня. Фрагмент роспісу лаў у Кангрэгацкай капліцы фарнага касцёла Гродна. Фота М. Супрон.


Мечнік – асоба, якая наглядае за ўзбраеннем уладцы.

Пісар земскі – той, хто клапаціўся пра кнігі земскіх судоў, займаўся напісаннем судовых пратаколаў.

Падкаморы – галоўны суддзя ў падкаморскім судзе.

Падстараста – намеснік старасты.

Падстолій – першапачаткова намеснік стольніка, які нават нёс перад ім ягонае жазло.

Падсудак – намеснік земскага суддзі.

Падчашы – ураднік, які першапачаткова займаўся каралеўскім кубкам, клапоцячыся аб тым, каб патрэбны напой заўсёды быў даступны для манарха.

Стараста градовы – адміністратар староства і старшыня гродскага суда.

Стольнік – першапачаткова падобная пасада быў звязана з клопатам пра стол манарха.