Знатныя гісторыі: эліта Гродна ў перыяд XVI—XVIII стагоддзяў - страница 18



Харунжы – тытулярны сцяганосец, які аб'яўляў ваенны збор мясцовай шляхты і камандаваў ёй, часам з дапамогай памочнікаў – ротмістраў.

Чашнік – яшчэ адзін «алкагольны» пост. Абавязкі чашніка паходзілі на абавязкі падчашага, які першапачаткова быў яго памагатым.

Акрамя вышэй пералічаных існавала яшчэ мноства пасад-тытулаў, да прыкладу: мастаўнiчы, ляснічы, дзераўнiчы, крайчы, будаўнічы, неваднічы, піўнічы.

Большасць урадаў паступова сталі толькi ганаровымі пасадамі.

Жанчыны не займалі пасад, але выкарыстоўвалі тытул мужа ці бацькі. Напрыклад, жонка ваяводы – гэта ваяводзіна, а дачка – ваяводзянка. Чытачы могуць самастойна, у рамках практыкума, утварыць жаночыя формы тытула дзераўнiчы. А чытачкі, акрамя таго, спытаць сябе: хацелі б яны быць дачкой дзераўнiчага і насіць адпаведны тытул ці ўсё ж такі не.

У канцы існавання Рэчы Паспалітай, Гародня нарэшце атрымала сваё ваяводства, і ў іерархіі гродзенскай шляхты з'явіліся значныя пасады ваяводы і кашталяна.

Канешне, прадстаўнікі мясцовых родаў далёка не заўсёды абмяжоўваліся ўнутранай кар'ерай, і часам даходзілі да агульнадзяржаўных пасад. Некаторым удалося атрымаць нават найважнейшыя свецкія, ваенныя і духоўныя пасады ВКЛ, то бок, заняць урады маршалка вялікага, канцлера, вялікага гетмана і віленскага біскупа.

Паўсядзённае жыццё

Рэлігійны светапогляд і вучоба

Як ужо было сказана раней, рэлігійны светапогляд вызначаў канву жыцця сярэднестатыстычнага шляхціча ВКЛ у перыяд XVI – XVIII стагоддзяў. Гарадзенскія дваране не былі выключэннем.

Шляхта жыла ў сістэме царкоўных святаў і рэгулярна наведвала храмы. Напрыклад, гетман вялікі літоўскі Міхаіл Масальскі, любіў падоўгу маліцца ў гарадзенскім езуіцкім касцёле.

Жонка віцебскага ваяводы Яна Храпавіцкага неяк адправілася на богаслужэнне ў Гродна, з найбліжэйшага маёнтка. Яна ішла пешшу і прыхапіла з сабой дзяцей. Зроблена гэта было, відаць, дзеля дэманстрацыі асаблівай рэлігійнай стараннасці, аналагічнай той, што дэманструюць пешыя паломнікі XXI стагоддзя.

Рэлігійны складнік прывіваўся дамашнімі настаўнікамі, а таксама ў езуіцкіх калегіумах і Віленскім універсітэце, які заснаваў Стэфан Баторый, пераўтварыўшы ў езуіцкую акадэмію віленскі калегіум.

Важкі ўклад у развіццё мясцовай адукацыі ўнеслі і іншыя каталіцкія ордэны, у прыватнасці, дамініканцы: іх гродзенская навучальная ўстанова была адной з найлепшых у краіне і магла пахваліцца адной з самых вялікіх бібліятэк у ВКЛ.

Канешне, багатая шляхта нярэдка выязджала вучыцца за мяжу.

Паляванне і рыбалка

Адным з базавых заняткаў гродзенскіх шляхцічаў, самых розных узростаў, з'яўлялася паляванне. Падобнае баўленне часу дапамагала (аўтар тут не пасаромеецца каламбура) забіць адразу некалькіх трусаў.


Паляванне на аленя. Стэфана дэла Бэла. XVII стагоддзе. Нацыянальная бібліятэка Польшчы.


Паляванне служыла забавай, разнавіднасцю ваеннай трэніроўкі, а трафеі, безумоўна, былі карысныя і маглі выкарыстоўвацца для прыгатавання страў з дзічыны, а, акрамя таго, у шляхецкай гаспадарцы не былі лішнімі і шкуры здабытых жывёл.

Гарадзенскія лясы славіліся як выдатнае месца для пераследу дзічыны, і нездарма пакоі Стэфана Баторыя, у яго замку, былі запоўнены шматлікімі паляўнічымі трафеямі, а на гербе горада красуецца алень святога Губерта (альбо Яўстафія) гэта значыць, нябеснага заступніка палявання.

Не цураліся шляхцічы і рыбалкі. У 1699 годзе, Кшыштаф Завіша лавіў рыбу ў вельмі элітнай кампаніі, і напісаў пра гэта так: