Апавяданьні паштовых марак пра Вялікае Княства - страница 2



P.S. Падарожжа ў сьветавую гісторыю

Мэсапатамія – калыска чалавецтва

Ужо з пачатку 4 тысячагодзьдзя да Р.Х. на землях Мэсапатаміі (Міжрэчча) узьнікла калыска, асяродак найбольш старажытнай цывілізацыі. Культура Мэсапатаміі прынесла чалавецтву пісьменнасьць, заканадаўства, эпічную паэзію, кола… Тут у Мэсапатаміі магчыма быў райскі сад Эдэм, у якім жылі першыя створаныя Богам людзі Адам і Ева, а каля 1850—1750 гадоў перад нараджэньнем Хрыста, ці каля 4000 тысяч гадоў таму, жыў Біблейскі Абрам. Роднай мясьцінай Абрама быў Ур на паграніччы паміж сучаснымі Іракам і Кувэйтам на поўнач ад Пэрсідзкай затокі. Адлюстравана гэта месца на марцы Цэнтральна-Афрыканскай Рэспублікі, прысьвечанай Мэсапатамскай цывілізацыі, дзе кругам вылучаны Ур.


Мэсапатамская цывілізацыя. Блёкі пошты Цэнтральна-Афрыканскай Рэспублікі, выдадзеныя ў 2012


Мэсапатамская цывілізацыя праіснавала па 12 кастрычніка 539 да Р.Х., калі Пэрсідзкае войска захапіла Бабілён і настаў канец гісторыі Старажытнай Мэсапатаміі, як палітычна самастойнага рэгіёну.

Перад стваральнікамі падобных марак паўстала вельмі складанае заданьне, што адлюстраваць на марцы, каб найдасканалей перадаць сутнасьць цывілізацыі… Як у іх атрымалася, вырашайце самі.

Цывілізацыя фараонаў і пірамід

Старажытны Егіпет займаў тэрыторыю ў даліне і дэльце Нілу ў Паўночна-Усходняй Афрыцы. Праіснавала Эгіпецкая цывілізацыя з канца 4 тысячагодзьдзя да Р.Х. да 332 да Р.Х., калі Егіпет заваяваў Аляксандр Македонскі.


Эгіпецкая цывілізацыя. Блёк пошты Сан-Тамэ і Прынсіпі, выдадзены ў 2008 і блёк пошты Цэнтральна-Афрыканскай Рэспублікі, выдадзены ў 2012


Культура Эгіпецкай цывілізацыі застаецца адной з самых загадкавых і таямнічых у сьвеце. У 1280 да Р. Х. Маісей выводзіць свой народ з Эгіпту і каля 1280—1240 атрымлівае Дзесяць Божых Запаведзей на гары Сінай.

У 1995 у рамках 100-годзьдзя кіно ў Танзаніі была апублікаваная сэрыя паштовых марак і блёк, які паказвае амэрыканскага акцёра Тэадора Робертса ў вобразе Майсея ў фільме «Дзесяць Запаведзяў», які дэманстраваўся ў 1923. Майсей назірае, як Бог піша Запаведзі на каменных плітах.


Дзесяць Запаведзяў. Кадар з фільму. Блёк пошты Танзаніі, выдадзены ў 1995

Краіна Арыяў

У наш час працягваюць сваё існаваньне дзьве старажытныя цывілізацыі – індыйская і кітайская. Індыйская цывілізацыя ўзьнікла прыблізна ў 3 тысячагодзьдзі да Р.Х. і разьвівалася ў даліне рэк Інд і Ганг. Ужо ў старажытнасьці аб Індыі ведалі як пра «краіну мудрацоў». Яе жыхары першымі ў сьвеце навучыліся вырошчваць рыс, бавоўнік, цукровы трысьнёг, першымі пачалі разводзіць хатнюю птушку. Індыя падаравала сьвету лічбы, вядомыя як «арабскія», таму што перайшлі праз пасярэдніцтва арабаў, дзесятковую сыстэму рахунку, а таксама такую вялікую гульню, як шахматы. Каставая сыстэма забясьпечвала захаваньне рэлігіі індуізму і на працягу стагодзьдзяў забясьпечвала стабільнасьць індыйскай цывілізацыі. Незвычайна важная асаблівасьць Індыйскай цывілізацыі – відавочная зьвернутасьць да Сусьвету і адначасова да ўнутранага сьвету чалавека, надзвычайную «прасякнутасьць» пачуцьцём каханьня…

На блёках адлюстравана Цывілізацыя даліны Інда, або Харапская цывілізацыя, названая ў гонар старажытнага горада Харапа, – цывілізацыя бронзавага веку, тэрыторыя якой распасьціралася вакол даліны ракі Інд (сучасны Пакістан і яго навакольлі) прыкладна з 2600 да Р.Х. да 1900 да Р.Х.– першы пэрыяд Індыйскай цывілізацыі.