Апавяданьні паштовых марак пра Вялікае Княства - страница 3
Цывілізацыя даліны Інда, або Харапская цывілізацыя. Блёкі пошты Цэнтральна-Афрыканскай Рэспублікі, выдадзеныя ў 2012
Паднябесная цывілізацыя
Цывілізацыя ў Старажытным Кітаі склалася прыблізна на мяжы 3—2 тысячагодзьдзяў да Р.Х. і, захаваўшы пераемнасьць традыцый, адметных рыс духоўнай і матэрыяльнай культуры, працягвае існаваць у сучасны пэрыяд. Кітайскае грамадзтва сфарміравалася ў басэйне ракі Хуанхэ (Жоўтай ракі). Найстаражытнейшым знойдзеным формам кітайскага пісьма 1600 гадоў. Падчас праўленьня першага імпэратара ў III стагодзьдзі да нашай эры пачалося будаўніцтва Вялікай сьцяны (фартыфікацыйная сыстэма), якая праіснавала да 16 стагодзьдзя, асноўнай яе функцыяй была абарона дзяржавы ад набегаў іншых народаў. Кітайцы лічылі, што іх краіна знаходзіцца ў цэнтры сьвету. Улада імпэратара была рэлігійна санкцыянаваная, а яго называлі сынам неба.
Кітайская цывілізацыя. Блёкі пошты Цэнтральна-Афрыканскай Рэспублікі, выдадзеныя ў 2012
Прадаючы паперу, шоўк і фарфор, Кітай праславіўся на ўвесь старажытны сьвет. Для гандлю кітайцы выкарыстоўвалі Шаўковы шлях, заснаваны ў II стагодзьдзі да Р. Х. Найважнейшым філязофска – этычным вучэньнем, якое стала пануючай рэлігіяй у Старажытным Кітаі, было канфуцыянства, стваральнікам якога на мяжы VI і V стагодзьдзяў да Р.Х. быў мысьляр Канфуцый. Па глыбіні эстэтычнага і паэтычнага пранікненьня ў быцьцё прыроды Кітайская цывілізацыя, бадай, ня мае сабе роўных. Мае вялізныя дасягненьні ў навуцы і тэхніцы. Кнігі ў Кітаі пачалі друкаваць у ІІ стагодзьдзі, а ў Эўропе – у XV. Сучасны Кітай займае 1-е месца ў сьвеце паводле колькасьці насельніцтва (1,404 млрд) і па абсягу замежнага гандлю. Краіна характарызуецца і як патэнцыйная звышдзяржава.
Аснова Эўрапейскай культуры
Культура Старажытнай Грэцыі і старажытнага Рыму традыцыйна называецца «антычнай культурай», бо яна была самай старажытнай з усіх вядомых культур у Эўропе ў эпоху Адраджэньня (15—16 стагодзьдзі).
Легендарная гісторыя Старажытнагрэцкай цывілізацыі налічвае амаль 30 стагодзьдзяў, пачынаючы з раньняй Мінойскай цывілізацыі, якая ўзьнікла на Крыце 2800—1100 да Р.Х., заканчваючы Эліністычным пэрыядам (323—146 да Р.Х.), калі Грэцыя становіцца лёгкай здабычай для Рымлян, якія цалкам заваявалі дзяржаву ў 147—146 да Р.Х.
Эгейская цывілізацыя. Блёкі пошты Цэнтральна-Афрыканскай Рэспублікі, выдадзеныя ў 2012
Антычная Грэчаская культура стала асновай усёй Эўрапейскай культуры. Менавіта ў старажытнагрэчаскай культуры сфарміраваліся адносіны да чалавека як да «меры ўсяго існага», вышэйшай каштоўнасьці. Першы пераклад Бібліі Старога Запавету быў зроблены з габрэйскай мовы на грэчаскую. Гэты пераклад вядомы як Сэптуагінта (ад лацінскага «семдзесят», па легендзе пераклад выконвалі семдзесят вучоных) быў зроблены ў Эгіпце для казачнай Александрыйскай бібліятэкі.
Блёкі прысьвечаныя першаму пэрыяду Старажытнагрэцкай цывілізацыі – Эгейскай цывілізацыі бронзавага веку ў 3000—1000 да Р.Х. на астравах Эгейскага мора, Крыце, у мацерыковай Грэцыі і Малой Азіі (Анатолія).
Рымская цывілізацыя
«Наўрад ці знойдзецца чалавек, настолькі легкадумны і абыякавы да навакольнага жыцьця, які б не зацікавіўся пытаньнем аб тым, якімі сродкамі, якімі прыёмамі палітыкі рымляне ў прамежак меншы 53 гадоў перамаглі амаль усе краіны населенага сьвету і падпарадкавалі іх сваёй адзінай уладзе, – факт у гісторыі бяспрыкладны», – адзначаў старажытнагрэцкі гісторык Палібій і меў рацыю.