Апавяданьні паштовых марак пра Вялікае Княства - страница 4
З невялікага паселішча на Тыбры за некалькі стагодзьдзяў вырас магутны горад, які затым пабудаваў магутную і велізарную імпэрыю.
Рымляне былі выдатнымі будаўнікамі і інжынэрамі. Яны вынайшлі бэтон, дзякуючы якому маглі ўзводзіць у сваіх гарадах велізарныя будынкі – храмы, тэрмы, амфітэатры або базылікі. Ваду з крыніц у бліжэйшых гарах прыносілі ў гарады каменныя аквэдукі. Рымскае права стала ўзорам ці правобразам прававых сыстэм многіх іншых дзяржаў.
Антычная Рымская цывілізацыя аказала надзвычайнае ўзьдзеяньне на культурнае разьвіцьцё чалавецтва. Праіснавала яна каля 12 стагодзьдзяў – прыблізна з 8 стагодзьдзя да Р.Х. да 476 па Р.Х., да заваяваньня варварамі. Старажытнарымская культура многае пераняла з культуры суседніх народаў, найбольш у Грэкаў. Галоўнымі ідэаламі Рымскай цывілізацыі былі патрыятызм, вернасьць грамадзянскаму абавязку, ушанаваньне багоў, павага да продкаў, выкананьне законаў, перакананьне ў богавыбранасьці рымскага народу і што Рым цэнтар сьвету.
Рымская цывілізацыя. Блёкі пошты Гвінэі-Бісаў, выдадзеныя ў 2003
За сотні гадоў да нараджэньня Хрыста ў Бібліі былі запісаныя словы прарокаў Ізраіля, якія прадказвалі Яго прышэсьце. У Старым Запавеце, які пісаўся многімі людзьмі на працягу 1500 гадоў, зьмешчана больш за 300 прароцтваў гэтай падзеі. Першае зь іх выказана з вуснаў Бога ў прысудзе зьмею. Гэта быў плян выратаваньня грэшнага чалавека і вяртаньня яму бесьсьмяротнасьці: «І варожасьць пакладу паміж табою і паміж жанчынаю, і паміж семем тваім і паміж семем яе: яно будзе біць цябе ў галаву, а ты будзеш джаліць яго ў пяту». (Быцьцё 3:15). Прароцтва збылося ў Рымскай імпэрыі. Калі Марыя была ўжо цяжарнай, выйшаў загад Рымскага кесара Аўгуста. Дзе хто не жыў, дзеля перапісу павінен прыйсьці ў тое месца, дзе жылі яго продкі. Язэп і Марыя паходзілі з роду цара Давіда, таму павінны былі ісьці ў Віфлеем. Пакуль цяжарная Марыя змагла дабрацца да месца, усе дамы былі запоўнены прыйшоўшымі людзьмі. Свабоднай была толькі пячора, куды заганялі авечак у час непагоды. Тут у пячоры, уся мэбля якой складалася зь ясьляў з саломай, нараджаецца Збаўца.
Слова становіцца целам і пасяляецца між намі, Бог становіцца чалавекам. Многа разоў у розныя спосабы Бог прамаўляў да чалавека. Цяпер прамовіў да нас праз Свайго Сына!
Божае Нараджэньне з алтара Бад-Вільдунгена. Конрад фон Зост (1370 – 1422). Марка пошты Парагваю, выдадзеная ў 1971
У 386 вучоны Еранім пасяліўся ў Віфлееме і пачаў перакладаць Біблію на лацінскую мову. Праз 23 гады ён закончыў працу. Вульгата ці «народная» вэрсія Бібліі Ераніма была адзінай Бібліяй да 1609, якой карысталася Рыма-каталіцкая царква.
Бізантыйская цывілізацыя
Бізантыйская цывілізацыя (Усходняя Рымская) паўстала не з Рымскай, ні ў якасьці яе адшчэпку, ні як супрацьлегласьць. Радавод яе на Ўсходзе і паходжаньне ў Эліністычнай цывілізацыі. Можна сустрэць нават меркаваньне, што яна проста працяг Эліністычнай, уціснутай у хрысьціянства. Бізантыйская цывілізацыя ўтварылася ў выніку распаду Рымскай імпэрыі ў 395 і праіснавала каля тысячы гадоў да заваяваньня сталіцы горада Канстантынопаля туркамі ў 1453. Назва цывілізацыі паходзіць ад назвы заснаванага грэчаскімі каляністамі месца Бізантыя, які пазьней быў названы ў гонар імпэратара Канстанціна Канстантынопалем. Бізантыйцы называлі сябе рамеямі (рымлянамі), а краіну Імпэрыяй рамеяў. У эпоху сярэдневякоўя Бізантыйская цывілізацыя адагравала разам з Кітайскай вядучую ролю ў сусьветным культурным разьвіцьці. Асновай Бізантыйскай культуры было хрысьціянства ўсходняга веравызнаньня.